У Баранавічах пачалі будаваць трэці корпус індустрыяльнага парка. Пра гэта паведаміў БелТА старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Максім Антанюк.
У Баранавічах размешчаны філіял «Бурштын» Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка. «У індустрыяльным парку здадзены ў эксплуатацыю два вытворчыя карпусы. Першы з іх заселены двума рэзідэнтамі, якія ўжо выпускаюць прадукцыю. Другі корпус уведзены ў эксплуатацыю гэтым летам. Падабраны рэзідэнты, якія вядуць падрыхтоўчыя работы для наступнай устаноўкі абсталявання і запуску вытворчасці. Будуецца трэці корпус з яго ўводам у наступным годзе. Ужо цяпер тэхнапарк займаецца падборам рэзідэнтаў», — распавёў Максім Антанюк.
Паводле праекта, на тэрыторыі індустрыяльнага парка размесцяцца чатыры вытворчыя карпусы. Апошні з іх праектуецца. Да яго будаўніцтва намечана прыступіць у 2027 годзе.
Насупраць знаходзіцца Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, які таксама атрымаў статус тэхнапарка. Разглядаюцца магчымасці кааперацыі гэтых дзвюх пляцовак. Прадпрыемства мае свабодныя плошчы, куды запрашаюцца IT-кампаніі і прадстаўнікі вытворчых прадпрыемстваў, якія ствараюць інавацыі, для размяшчэння лабараторый і тэхнічных аддзелаў.
Баранавічы — буйны прамысловы горад, таму прыцягненню інвестыцый і мадэрнізацыі вытворчасцей надаецца павышаная ўвага. У прыватнасці, буйныя інвестпраекты рэалізуюць авіярамонтны, станкабудаўнічы і аўтаагрэгатны заводы. «У стадыі рэалізацыі на Баранавіцкім аўтаагрэгатным заводзе, які ўваходзіць у холдынг „МАЗ“, знаходзіцца вытворчасць пярэдняй восі для аўтобусаў. Пачата пастаўка абсталявання, далей будзе весціся мантаж. Паралельна вядуцца падрыхтоўчыя работы ў цэху, што дазволіць аўтаагрэгатнаму заводу асвоіць новыя кампетэнцыі і ўпэўнена крочыць у будучыню», — падкрэсліў старшыня Баранавіцкага гарвыканкама.
Акрамя гэтага, працягваецца мадэрнізацыя філіяла «Савушкінага прадукту». На Баранавіцкім камбінаце хлебапрадуктаў абнаўляюць лінію па вытворчасці камбікармоў. «Аналагічныя праекты ў большай ці меншай ступені ёсць на кожным прадпрыемстве. Ёсць шэраг праектаў і ў малога бізнесу, які таксама набывае новае абсталяванне і асвойвае новыя кампетэнцыі. Акцэнт робіцца на мадэрнізацыі вытворчасці, устаноўцы высокапрадукцыйнага абсталявання, прымяненні рабатызацыі, павелічэнні выпуску прадукцыі за кошт укаранення новых тэхналогій», — падсумаваў Максім Антанюк.