Сёння Беларусь успамінае сваіх Герояў — ваенных лётчыкаў гвардыі маёра Андрэя Нічыпорчыка і гвардыі лейтэнанта Мікіту Куканенку, якія 5 гадоў таму коштам уласных жыццяў адвялі самалёт Як-130 ад Баранавічаў. Тым самым маладыя людзі падарылі надзею на будучыню дзясяткам грамадзян.
5 гадоў з тых часоў праляцелі незаўважна. Сёлета Андрэю Нічыпорчыку магло б споўніцца 38 гадоў, Мікіту Куканенку — 27. На жаль, іх жыццё абарвалася ў самым росквіце... Падчас вучэбна-трэніровачнага палёту 19 мая 2021 года ваенны самалёт Як-130 Лідскай штурмавой авіябазы пацярпеў крушэнне. Калі ён пралятаў над Баранавічамі, у судна адмовіла кіраванне — самалёт падаў на жылы раён. Па інструкцыі экіпаж павінен быў катапультавацца, але пілоты прынялі іншае рашэнне. Гвардыі маёр Андрэй Нічыпорчык і гвардыі лейтэнант Мікіта Куканенка да апошняй секунды ўтрымлівалі штурвал, адводзячы самалёт ад дамоў.
.jpg)
Трагедыю з многімі ахвярамі лётчыкі прадухілілі коштам уласнага жыцця. Кіраўнік дзяржавы пасмяротна прысвоіў лётчыкам званне «Герой Беларусі». А сёлета на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» пры падтрымцы Міністэрства абароны пра іх быў зняты фільм «Адно на дваіх».
— Подзвіг лётчыкаў — гэта не проста прыклад вайсковай доблесці. Гэта напамін пра тое, што гонар, абавязак і любоў да Радзімы — мацнейшыя за страх смерці, — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ірына Касцевіч.
Здольнасць здзейсніць подзвіг, сапраўды, не залежыць ад узросту, прафесіі, звання. Гэта тое, што расце з вялікай любові да Радзімы і людзям, з выхавання, якое даюць бацькі, асабістых якасцяў чалавека, яго сілы духу і мужнасці.
— Тое, што здарылася непапраўна, але памяць аб лётчыках і іх подзвігу назаўжды застанецца ў нашых сэрцах. Гісторыя лёсаў маладых людзей стала прыкладам адвагі і маральнасці для ўсіх нас, асабліва для падрастаючага пакалення і будучых афіцэраў, — падкрэсліла член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Алена Лапцева.
У нашай памяці Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка назаўжды застануцца ўсмешлівымі, як на фота. Іх гісторыя вучыць шанаваць кожнае імгненне жыцця, не быць баязліўцамі, браць на сябе адказнасць і змагацца да канца.
У 5-ю гадавіну гібелі ваенных лётчыкаў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксей Райко, Павел Папко і Георгій Хлябовіч прынялі ўдзел у памятных мерапрыемствах у Баранавічах: мітынгу-рэквіеме і ўскладанні кветак да мемарыяла «Жураўлі».
.jpg)
Як адзначылі парламентарыі, памятны знак «Жураўлі» на вуліцы Розы Люксембург у Баранавічах, што ўзведзены ў гонар маладых герояў, — месца агульнага болю і бясконцага гонару.
— Сілуэт самалёта, скіраваны ўвысь, і два кованых жураўля сімвалізуюць перапынены палёт маладых, моцных хлопцаў, якія выбралі жыццё іншых людзей замест свайго. Подзвіг лётчыкаў-герояў назаўжды ўпісаны ў гісторыю нашай краіны. Іх мужнасць, вернасць прысязе і афіцэрскі гонар сталі вечным прыкладам сапраўднага патрыятызму. Вечная памяць і вечная слава Героям Беларусі!
Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Максім Антанюк нагадаў, што пяць гадоў таму звычайны майскі дзень ператварыўся ў імгненне найвялікшага выпрабавання:
— У небе над горадам адбылося тое, што магло абярнуцца катастрофай для нашых жыхароў. Лёс аднаго з мікрараёнаў Баранавічаў апынуўся ў руках двух маладых хлопцаў. Апошнія секунды ў момант аварыі яны выкарыстоўвалі не для ўласнага выратавання. Губляючы вышыню, яны адвялі самалёт ад шматпавярховых дамоў у адзіны бяспечны пункт. Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка цаной уласнага жыцця падарылі жыццё дзясяткам іншых людзей.
Паводле яго слоў, праходзяць гады, але памяць пра лётчыкаў-герояў жыве ў сэрцах жыхароў Баранавічаў. Яна ўвекавечана ў назвах вуліц, студэнцкіх атрадаў, піянерскіх дружын.
— І сёння мы аддаём даніну памяці не проста лётчыкам, а Героям Беларусі, сынам, якіх выхавала наша зямля. Мы будзем заўсёды памятаць аб закаханых у неба прафесіяналах, сапраўдных патрыётах, верных прысязе, назаўжды пакінутых у мірным небе нашай роднай Беларусі, — дадаў кіраўнік горада.
.jpg)
Прайшло пяць гадоў пасля таго трагічнага дня, але памяць пра маладых людзей дагэтуль жывая ў нашых сэрцах і з’яўляецца пастаянным болем, заявіў намеснік камандуючага ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны — начальнік авіяцыі Аляксандр Бяляеў:
— У нас гавораць: лётчыкі не паміраюць. Яны ляцяць і не вяртаюцца. У той дзень Андрэй і Мікіта прынялі адзінае правільнае рашэнне і свядома зрабілі свой выбар. Яны вырашылі застацца ў небе, каб людзі жылі на зямлі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел родныя і блізкія Андрэя Нічыпорчыка, лётны склад 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы і 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы, жыхары Баранавічаў.
— З аднаго боку, час ляціць імкліва. З іншага боку, 19 мая 2021 года час як быццам бы спыніўся для нас — родных, блізкіх, тых, хто ведаў двух маладых, энергічных, аптымістычна настроеных хлопцаў. Вялікі дзякуй усім за памяць, — сказаў бацька Андрэя Нічыпорчыка Уладзімір.
Падчас мітынгу прысутныя ўшанавалі памяць лётчыкаў-герояў хвілінай маўчання, усклалі кветкі да мемарыяла. Падчас цырымоніі многія не маглі стрымаць слёз. Асаблівым болем успаміны адгукаюцца ў сэрцах мясцовых жыхароў. Мясцовая жыхарка Таццяна Дзям’янік усё жыццё жыве на вуліцы Розы Люксембург. Пяць гадоў таму яна была ў ад’ездзе, пра тое, што здарылася, ёй распавялі суседзі.
— Я была ў шоку, мароз па скуры прабег... Не магла знайсці сабе месца. Гэта ўдар для ўсяго нашага раёна. Заўсёды ўспамінаем гэтых хлопцаў, якія не далі загінуць многім людзям. Гэта цяжка ўспамінаць, але забыць немагчыма, — адзначыла мясцовая жыхарка.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА