205
У БЧ расказалі пра падрыхтоўку да 9 Мая
22.04.2025 | 16:11
Святочная сімволіка на вакзалах і ў цягніках.
Беларуская чыгунка да 9 Мая святочна ўпрыгожыла вакзалы. Таксама на працягу года па магістралі будуць курсіраваць тэматычна аформленыя цягнікі, паведамілі БелТА ў прэс-цэнтры БЧ.
«Чыгуначнікі свята берагуць і шануюць памяць аб гераічным подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У гонар 80 — гадовага юбілею Перамогі Беларуская чыгунка рэалізуе шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гістарычнай праўды і патрыятычнае выхаванне маладога пакалення», — расказалі ў прэс-цэнтры.
Так, маляўнічыя фотазоны, яркія плакаты і банеры з’явіліся на вакзалах станцый Мінск-Пасажырскі, Гродна, Брэст-Цэнтральны, Гомель, Магілёў, Віцебск. Святочная атмасфера пануе і на вакзалах станцый буйных чыгуначных вузлоў Орша-Цэнтральная і Баранавічы-Палескія.
Тэматычна аформленыя цягнікі будуць рухацца па маршрутах Мінск — Брэст, Мінск — Гомель, Мінск — Магілёў, Мінск — Гродна, Мінск — Полацк, Мінск — Орша і Мінск-Мазыр. Акрамя гэтага, святочнай сімволікай упрыгожаныя пасажырскія вагоны міжнародных цягнікоў № 2/1 Мінск — Масква «Беларусь» і № 52/51 Брэст — Санкт-Пецярбург.
«Маршруты руху цягнікоў са святочнай сімволікай былі выбраны з улікам знакавых месцаў, якія ўвайшлі ў гісторыю нашай краіны як сімвалы мужнасці і гераізму ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», — дадалі ў прэс-цэнтры.
Беларуская чыгунка ў год 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне запланавала і шэраг спецыяльных праектаў. У бліжэйшы час на чыгуначных вакзалах пасажыры змогуць прыняць удзел у тэматычных флэшмобах і канцэртных праграмах.
На афіцыйным інтэрнэт-сайце беларускай магістралі створаны тэматычны раздзел, прысвечаны святу.
Прэв’ю: БЧ