«Павышэнне фінансавай даступнасці»
На базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта сенатары абмяркоўвалі запуск лічбавага беларускага рубля. Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах правяла выязное пашыранае пасяджэнне па адным з найважнейшых эканамічных законапраектаў года «Аб змяненні законаў па пытаннях лічбавага беларускага рубля». Карэспандэнт «Звязды» высветліў падрабязнасці.
«Зніжэнне стрымліваючых фактараў для грамадзян і бізнесу»
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Раман Бродаў адзначыў, што доля безнаяўных разлікаў у рознічным абароце актыўна расце і развіваюцца лічбавыя плацежныя інструменты. «Больш за 100 краін сёння вядуць даследаванні ў галіне лічбавых валют, і нацыянальныя банкі з рознай ступенню гатоўнасці падступіліся альбо да рэалізацыі, альбо да ўкаранення гэтага віду лічбавых знакаў, — паведаміў парламентарый. — Беларусь у гэтым кантэксце знаходзіцца ў лідзіруючай групе краін у плане прасоўвання, асэнсавання, гатоўнасці».
Праект стварэння беларускай лічбавай валюты ў нас стартаваў некалькі гадоў таму, нагадаў сенатар. Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што прававая база яшчэ не сфарміравана ў поўнай меры, па наяўнай у Савеце Рэспублікі інфармацыі адбываецца ўжо пілатаванне платформы. «У рамках праекта стварэння і развіцця платформаў лічбавага рубля Нацыянальны банк арыентуецца на дасягненне шэрагу досыць важных і пазітыўных мэтаў, — дадаў Раман Бродаў. — Гэта зніжэнне стрымліваючых фактараў для грамадзян і бізнесу, а таксама дзяржавы пры ажыццяўленні плацяжоў і пераводаў. Гэта ўкараненне інавацыйных тэхналогій і павышэнне эфектыўнасці кіравання фінансамі на дзяржаўным узроўні. Павышэнне фінансавай даступнасці, развіццё канкурэнцыі на плацежным рынку, садзейнічанне ўкараненню інавацыйных прадуктаў і сэрвісаў, стварэнне новых відаў механізмаў для плацяжоў і пераводаў, у тым ліку і для трансгранічных разлікаў».
Раман Бродаў дадаў, што лічбавы рубель, выходзячы за рамкі простага плацежнага інструмента, адкрые магчымасці для трансфармацыі ключавых працэсаў эканомікі. А яго выкарыстанне здольнае павысіць хуткасць, празрыстасць і бяспеку фінансавых аперацый. Чакаецца, што для бізнесу камісіі за аперацыі з лічбавым рублём будуць ніжэйшыя, чым пры выкарыстанні транзакцыйнай аплатнай сістэмы або эквайрынгу.
«Тэхналогія, якая забяспечвае празрыстасць і кантроль за бюджэтнымі сродкамі»
У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзяніс Скабялка звярнуў увагу, што лічбавы беларускі рубель — гэта форма безнаяўнага рубля: «Гэта не нешта новае, не нешта трэцяе. Гэта тое, што ёсць у нас сёння і не падмяняе сабой наяўныя грашовыя сродкі. Гэта проста тэхналогія, якая забяспечвае празрыстасць і кантроль за бюджэтнымі сродкамі. Таксама мы вялікую стаўку робім на смарт-кантракты, таму што мы лічым, што за гэтым будучыня. Грошы павінны рухацца па пэўных правілах, вызваляючы чалавечыя рэсурсы».
Лічбавыя рублі будуць захоўвацца на лічбавых кашальках грамадзян і арганізацый. Рахункі лічбавага рубля будуць адкрывацца на платформе Нацбанка. Аперацыі з лічбавымі рублямі таксама будуць праходзіць на гэтай платформе. Пры гэтым доступ да рахункаў лічбавага рубля будзе магчымы праз дыстанцыйныя каналы.
Лічбавы рубель ствараецца для таго, каб стаць яшчэ адным сродкам для плацяжоў і пераводаў, які не будзе залежаць ад абмежаванняў банкаў у выглядзе камісій і лімітаў. Лічбавыя рублі эквівалентныя наяўным і безнаяўным: адзін беларускі рубель роўны аднаму безнаяўнаму беларускаму рублю або аднаму лічбаваму беларускаму рублю.
Укараненне лічбавага рубля мае шэраг пераваг. Для дзяржавы гэта развіццё ўласных інавацыйных плацежных сэрвісаў, пашырэнне спосабаў ажыццяўлення плацяжоў, уключаючы трансгранічныя, скарачэнне выдаткаў, абумоўленых неабходнасцю канверсіі нацыянальнай валюты ў валюту разлікаў, а таксама павышэнне эфектыўнасці кантролю за мэтавым расходаваннем бюджэтных сродкаў і стварэнне ўмоў для канкурэнцыі паміж пастаўшчыкамі плацежных паслуг.
Бізнесу і банкам укараненне лічбавага беларускага рубля дазволіць знізіць выдаткі на камісійныя плацяжы на карысць аператараў міжнародных плацежных сістэм, прадастаўляць інавацыйныя сэрвісы для карыстальнікаў, павышаць бяспеку.
Перавагі для насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання заключаюцца ў высокім узроўні захаванасці грашовых сродкаў, павышэнні хуткасці трансгранічных плацяжоў за кошт функцыянавання плацежнай сістэмы лічбавага беларускага рубля ў рэжыме 24/7, магчымасці спажывання плацежных паслуг без прывязкі да аднаго пастаўшчыка плацежнай паслугі. У перспектыве, як чакаецца, з’явіцца магчымасць выкарыстання афлайн-рэжыму для ажыццяўлення плацяжоў.
Дарэчы, на лічбавыя рублі не налічваецца кэшбэк і працэнты на рэшту. Таму іх больш выгадна выкарыстоўваць менавіта для разлікаў, а не для назапашвання.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ