Па ініцыятыве дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адбылося тэматычнае мерапрыемства «Песняры беларускай зямлі. З любоўю да класікаў». Яно было прысвечана святкаванню 105-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, выдатных дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў Івана Мележа і Івана Шамякіна, якія ў свой час з’яўляліся дэпутатамі Вярхоўнага Савета СССР і БССР.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў, што кнігі класікаў, на якіх вырасла не адно пакаленне беларусаў, не страцілі актуальнасць і сёння. «У іх ёсць глыбіня, сапраўднасць, абвостраны псіхалагізм, увага да лёсу простага чалавека з яго пачуццямі, думкамі, перажываннямі на пераломных этапах гісторыі. І сёння наш сучаснік, які задумваецца пра сэнс жыцця, прызначэнне чалавека, праблемы эпохі, маральны выбар, можа знайсці многія адказы на свае пытанні ў творах Шамякіна і Мележа».
- Інфармацыя пра гэтых гістарычных асоб будзе няпоўнай, калі не згадаць іх грамадска-палітычную дзейнасць, дзе яны таксама праявілі сябе як сапраўдныя патрыёты, дадаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў: «Іван Пятровіч Шамякін быў членам Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР. Амаль паўтара дзесяцігоддзі ён кіраваў работай вышэйшага прадстаўнічага і заканадаўчага органа Беларусі (восьмае — дзясятае скліканні). Іван Паўлавіч Мележ дзевяць гадоў быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (сёмае — дзявятае скліканні)».
Як і сённяшнія заканадаўцы, дэпутаты Шамякін і Мележ жылі клопатамі сваіх выбаршчыкаў, часта выступалі перад працоўнымі калектывамі на прадпрыемствах, у арганізацыях, студэнцкіх аўдыторыях, дапамагалі жыхарам у вырашэнні іх надзённых праблем, звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў: «Абодва запомніліся як даступныя, чулыя і ўважлівыя людзі. Прайшоўшы суровую школу жыцця, яны выдатна разумелі, якімі клопатамі жывуць звычайныя працаўнікі. Шамякін і Мележ былі цвёрда перакананы, што, будучы мастацтвам кіравання, палітыка, як і літаратура, павінна адпавядаць крытэрыям маральнасці, а галоўным прынцыпам, якім кіруецца ўлада, павінна быць сацыяльная справядлівасць. Гэтыя ідэі глыбока сугучныя той палітыцы, якую праводзіць сёння Прэзідэнт суверэннай Беларусі Аляксандр Лукашэнка».
«Праўдзівае, адказнае і сумленнае роднае слова — залог кансалідацыі грамадства, на падмурку якога мы зможам і ў далейшым паспяхова будаваць незалежную, моцную і квітнеючую краіну», — прывёў словы Прэзідэнта Ігар Сергяенка.
«І мы, цяперашняе пакаленне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, працягваючы справу нашых вялікіх папярэднікаў, строга прытрымліваемся гэтай лініі ў сваёй дзейнасці», — рэзюмаваў спікер.
На мерапрыемстве прысутнічала пляменніца Івана Мележа Лілія Мележ-Краўчанка. Дабрыня, адкрытасць, сардэчнасць, сціпласць — такія рысы былі ўласцівыя пісьменніку, згадвае яна. «І нягледзячы на тое, што ён быў вялікім літаратурным геніем, аўтарам „Палескай хронікі“, якая вядомая на ўвесь белы свет, тым не менш ён адрозніваўся сціпласцю, прастатой і душэўнасцю, — канстатуе суразмоўніца. — У яго лексіконе ніколе не было слоў „не“, „не магу“, „не зраблю“. Вольнага часу ў Мележа амаль не было, бо грамадзянскіх абавязкаў было вельмі шмат. Як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ён выконваў усе даручэнні тых, хто спадзяваўся на яго, верыў у яго. І ён заўсёды апраўдваў давер тых, хто яго выбіраў, хто гэты давер яму аказаў. Усё атрымлівалася толькі таму, што ў Івана Мележа была бязмежная любоў да людзей і Радзімы».
Член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч паведаміў, што, пачынаючы са студзеня, увесь люты і да самай вясны праходзяць творчыя акцыі, сустрэчы з маладымі аўтарамі, прэзентацыі. «І асноўныя падзеі, безумоўна, звязаны з роднымі мясцінамі нашых майстроў слова, — звярнуў увагу ён. — Не толькі ў юбілейныя даты, але і ўвогуле апошнія 20 гадоў мы праводзім творчыя конкурсы, якія дапамагаюць выявіць маладых будучых аўтараў і падтрымаць іх».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА