Top.Mail.Ru

У БДУ праходзіць Патрыятычны форум моладзі Саюзнай дзяржавы

24 верасня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце стартаваў двухдзённы Патрыятычны форум моладзі Саюзнай дзяржавы. У ім прымаюць удзел каля 40 студэнтаў з Беларусі і Расіі.


Мерапрыемства накіравана на ўмацаванне адзінства моладзі дзвюх краін, захаванне гістарычнай памяці, асэнсаванне патрыятызму, а таксама агульных духоўных і культурных каштоўнасцяў. Пляцоўкай для форуму стаў гістарычны факультэт БДУ. Ён з’яўляецца першым і адзіным у краіне факультэтам-музеем, дзе захоўваецца памяць пра мінулае і гісторыю ўніверсітэта і айчыннай сістэмы вышэйшай адукацыі.

У склад расійскай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Разанскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя С. А. Ясеніна, Курскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Уладзімірскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Р. і М. Р. Сталетавых.

У першы дзень форуму адбыўся адкрыты дыялог «Агульныя вытокі — агульная будучыня: адкрыты дыялог новага пакалення». Ён прайшоў у Нацыянальным мемарыяльным комплексе «Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай». Спікерамі сталі кіраўнік комплексу протаіерэй Фёдар Поўны і заслужаны міратворац, матывацыйны спікер, член нацыянальнай паралімпійскай зборнай, дэлегат Усебеларускага народнага сходу Аляксей Талай.


У другі дзень удзельнікі наведаюць мемарыяльны комплекс «Хатынь», дзе пройдзе цырымонія ўскладання кветак. Таксама ў праграму форуму ўвойдзе спектакль «Душа фарфоравага кубка», падрыхтаваны студэнтамі БДУ.

Арганізатарам двухдзённага мерапрыемства выступіла ўпраўленне па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце БДУ.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю