У сталіцу прыехалі тыя, хто ўжо даказаў свае веды на рэгіянальных этапах, — усяго 21 вучань 9–11 класаў, па адным удзельніку з кожнай катэгорыі ад вобласці і Мінска.
Галоўная мэта турніру — выявіць самых эрудзіраваных старшакласнікаў, захапіць школьнікаў вывучэннем заканадаўства. Арганізатары імкнуліся да таго, каб моладзь разумела свае правы і абавязкі, вучылася карыстацца сучаснымі тэхналогіямі, а грамадскія арганізацыі па прававой асвеце — актывізавалі сваю дзейнасць.
Сярод шматлікіх праектаў і кірункаў дзейнасці БРСМ гэты праект займае асобнае і вельмі важнае месца, адзначыў другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр ІВАНЕНКА. І нядзіўна, бо сёння запыты грамадства ўвесь час трансфармуюцца, а значыць мяняюцца і патрэбы і запыты маладога пакалення: «Актыўнасць моладзі — гэта тое, у чым мае вострую патрэбу сёння і дзяржава, і грамадства. Гэта не эфемернае паняцце, а тое, што залежыць ад кожнага з нас, і ў першую чаргу ад вас, як ад прадстаўнікоў маладога пакалення».

Апроч удзельнікаў з абласных цэнтраў і сталіцы, за перамогу змагаліся хлопцы і дзяўчаты з Жодзіна і Клецка, Жабінкі і Талачына, Ашмян і Ваўкавыска і іншых населеных пунктаў. Іх чакала сапраўднае выпрабаванне. Спачатку — анлайн-тэст на Дзіцячым прававым сайце: за гадзіну трэба было справіцца з 20 пытаннямі па тэме турніру гэтага года — «Актыўнасць моладзі па стварэнні камфортнага асяроддзя для жыцця». А вось другое заданне — эсэ — стала сюрпрызам: тэму ўдзельнікі даведаліся толькі ў апошні момант, перад пачаткам фіналу. Такія выпрабаванні навучаць удзельнікаў хутка думаць і аргументаваць сваю пазіцыю.
Дарэчы, арганізацыяй праекта займаюцца Міністэрства адукацыі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. У падрыхтоўцы турніру актыўны ўдзел прымалі таксама Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота: Ксенія ЛІННІК