Як адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, сёлета Беларускі аграпрамысловы тыдзень, у рамках якога пройдзе 35-я Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра-2025», будзе праходзіць з 3 да 7 чэрвеня.
«Кожны год дадаюцца не толькі новыя кампаніі, але і краіны-ўдзельніцы, якія адчуваюць патэнцыял нашай дзяржавы і хочуць прадстаўляць сваю прадукцыю на выставе. Сёлета да „Белагра“ плануюць далучыцца на ўзроўні афіцыйных дэлегацый і ўдзельнікаў больш за два дзясяткі краін. Некаторыя з іх прыедуць да нас упершыню: Батсвана, Гана, Зімбабвэ, Катар, Мазамбік, Рэспубліка Сербская, Боснія і Герцагавіна», — удакладніў намеснік міністра.
Ён дадаў, што на выставе таксама будуць прадстаўлены Кітай, Германія, Італія, Іран, Турцыя, В’етнам, Палесціна, Пакістан, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. Ад Расіі будуць прадстаўнікі 18 рэгіёнаў, у тым ліку губернатар Прыморскага краю. 12 рэгіёнаў выставяць сваю прадукцыю — гаворка ідзе аб Бранскай, Варонежскай, Ліпецкай, Ніжагародскай, Новасібірскай, Растоўскай, Смаленскай і Чалябінскай абласцях, Краснадарскім і Пермскім краі, Санкт-Пецярбургу і Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.
«У параўнанні з 2024-м у нас дадаліся 55 кампаній — выстава з кожным годам прырастае», — заўважыў Уладзімір Гракун.
Прафесійным суправаджэннем стане дзелавая праграма: падчас дзясяткаў тэматычных канферэнцый і семінараў будзе абмяркоўвацца шырокае кола пытанняў па забеспячэнні канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчай прадукцыі і аб перспектывах узаемадзеяння Беларусі з краінамі блізкага і далёкага замежжа.
Тэматыка раздзелаў ахоплівае практычна ўсе галіны АПК. Сёлета экспазіцыйная плошча форуму перавысіць 38,8 тысячы квадратных метраў. Найбуйнейшыя холдынгі сістэмы Мінпрама (а гэта «Гомсельмаш», «МТЗ-холдынг», «Бабруйскаграмаш», «БелаўтаМАЗ», «Амкадор» і іншыя) возьмуць самы актыўны ўдзел і прадэманструюць каля 135 узораў тэхнікі і абсталявання высокага тэхналагічнага ўзроўню — навінкі і найлепшыя серыйныя ўзоры прадукцыі.
«Будзе прадстаўлена звыш 20 адзінак новых відаў тэхнікі і абсталявання. Гэта красамоўна сведчыць аб устойлівай дынаміцы развіцця прамысловасці, гатоўнасці ў поўным аб’ёме забяспечыць унутраныя патрэбы краіны ў якаснай сельскагаспадарчай тэхніцы і абсталяванні», — адзначыў начальнік упраўлення сельскагаспадарчага машынабудавання Міністэрства прамысловасці Андрэй Сініла.
Перавага і ўнікальнасць удзелу прадпрыемстваў сістэмы Мінпрама ў форуме заключаецца ў тым, што яны дэманструюць увесь спектр абсталявання і тэхналогій для АПК: тэхніку, навясное абсталяванне, рухавікі, камплектуючыя і многае іншае.
«У Беларусі забяспечваецца рытмічная вытворчасць запатрабаваных у аграрыяў відаў тэхнікі, пашыраецца мадэльны рад і паглыбляецца лакалізацыя прадукцыі. Вырабы прадпрыемстваў Мінпрама неаднаразова даказвалі сваю надзейнасць, высокую прадукцыйнасць і зручнасць у выкарыстанні», — адзначыў начальнік профільнага ўпраўлення.

Традыцыйна ў беларускім аграпрамысловым тыдні будуць удзельнічаць прадстаўнікі Мінсельгасхарча, Міністэрства прамысловасці, НАН Беларусі, Белдзяржхарчпрама, Белкаапсаюза. Зноў на пляцоўцы будзе выстаўляцца Беллегпрам.
Для жыхароў і гасцей сталіцы плануюць арганізаваць «Партызанскую паляну», дзе падчас выставы будзе раздавацца салдацкая каша.
Намеснік міністра акцэнтаваў увагу на тым, што аграрная выстава ўпершыню праходзіць на новай пляцоўцы BELEXPO, якая па плошчы на 6660 квадратных метраў перавышае папярэдняе месца правядзення ў «Вялікім камені». Да выставачнага цэнтра будзе хадзіць два прамыя аўтобусы № 912 і № 962, якія адпраўляюцца з цэнтра горада (станцыя метро «Акадэмія навук»). Беларускі аграпрамысловы тыдзень пройдзе з 3 да 7 чэрвеня.
Сяргей КУРКАЧ