Штогод 15 лютага ў Беларусі адзначаюць Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У гэты дзень у 1989 годзе апошняя калона абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў пакінула тэрыторыю Афганістана. Беларускі народ памятае сваіх суайчыннікаў, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. Штогод у гэты дзень ля мемарыяла Востраў Мужнасці і Смутку сотні людзей аддаюць даніну павагі і памяці салдатам той вайны.
«У гісторыі беларускага народа ёсць даты, якія не падлягаюць забыццю. Адна з іх — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, — заявіў Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, які зачытаў на мітынгу зварот Прэзідэнта да ветэранаў-«афганцаў». — Чым далей сыходзіць Афганская вайна, тым актуальней становяцца яе ўрокі. Сёння геапалітычныя амбіцыі некаторых асобных дзяржаў кажуць пра тое, як дорага каштуе мір і бяспека, а воіны-інтэрнацыяналісты, як ніхто іншы, ведаюць гэту цану.
Аляксандр Вальфовіч запэўніў, што для забеспячэння міру ў нашай краіне робіцца ўсё магчымае. Праводзіцца баявая падрыхтоўка ва Узброеных Сілах і ў іншых структурах ваеннай арганізацыі дзяржавы. У прыватнасці, Міністэрствам абароны цяпер праводзіцца праверка баявой гатоўнасці і выконваецца комплекс мерапрыемстваў па фарміраванні некалькіх злучэнняў, ідзе прызыў ваеннаабавязаных запасу. Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што гэтая праверка нацэленая не на пагрозу камусьці, а на аднаўленне навыкаў, якія былі атрыманыя людзьмі раней, у працэсе службы:
«Мы не ўяўляем ні для каго ніякай пагрозы, не павялічваем колькасць Узброеных Сіл, не павялічваем колькасць узбраення, у адрозненне ад нашых суседзяў, палякаў і прыбалтаў, якія зрабілі стаўку на мілітарызацыю. Акрамя таго, мы не павялічваем колькасць вучэнняў. Яны ў нас праходзяць на планавай аснове. На сумежнай тэрыторыі ў 2025 годзе плануецца правядзенне каля 100 вучэнняў, у тым ліку паблізу нашых межаў. Мы не праводзім вучэнні паблізу межаў з Польшчай і краінамі Прыбалтыкі, не правакуем тым самым нашых суседзяў. Мы паказваем прыклад добрасуседства і ўзаемнай павагі адзін да аднаго, не пагражаючы нікому і не прад’яўляючы прэтэнзіі да іншых краін. Таму ўсе мерапрыемствы, якія сёння праводзяцца, нацэленыя на аднаўленне навыкаў для таго, каб пры неабходнасці мы змаглі разгарнуць свае Узброеныя Сілы да той колькасці, якая дасць магчымасць нанесці непрымальны ўрон тым, хто асмеліцца ступіць са зброяй на нашу зямлю».
У сваю чаргу, міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заўважыў: "За тысячы кіламетраў воіны, а сярод іх было вельмі шмат нашых суайчыннікаў, выконваючы задачу, праявілі мужнасць і гераізм. Менавіта таму яны выходзілі з Афганістана з высока паднятай галавой і са сцягамі на тэхніцы. Але ў сучаснай гісторыі мы ведаем іншыя прыклады, калі тыя, хто вучыць нас жыць, разбурыўшы гэту краіну, беглі з яе, кідаючы тэхніку і сваіх прыхільнікаў. А цяпер гэтыя "настаўнікі" спрабуюць перапісаць гісторыю, скажаючы яе і распаўсюджваючы хлусню. Перапісваецца не толькі подзвіг і мужнасць нашых воінаў Вялікай Айчыннай вайны, але і подзвігі воінаў-афганцаў. Але гэта ў іх не атрымаецца. Праўда на нашым баку, на баку афіцэраў і салдат, якія выканалі свой воінскі абавязак».
Ветэраны-«афганцы» і сёння ў страі, займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю.. Сярод іх — член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, ветэран вайны ў Афганістане Міхаіл Мірончык. Ён расказаў журналістам тое, што для яго азначае гэты важны дзень: «Для мяне 15 лютага — гэта асаблівы дзень, Дзень памяці, дзень шанавання тых, каго сёння няма з намі, маіх баявых сяброў і таварышаў, з якімі мне давялося ў гэтым жыцці прайсці суровую школу жыцця Афганскай вайны. Прыходзячы штогод да гэтага святога месца, вядома, мы, выказваем памяць, даніну, гонар. Я кожны раз назіраю за тымі людзьмі, хто прыходзіць разам з намі, і думаю пра тое, што ўсё ж такі мы змаглі згуртаваць вакол сябе гэтым Днём памяці велізарныя масы людзей. І я ўзіраюся заўсёды ў твары маладых людзей, нашай моладзі, якая заўсёды на гэтым свяце з намі. Гэта і школьнікі, гэта і сувораўцы, гэта і кадэты, гэта студэнты, і яшчэ шмат прадстаўнікоў нашай моладзі. Я думаю, што людзі майго пакалення, якія прайшлі Афганскую вайну, мелі перавагу ў плане таго, што мы маглі мець зносіны з людзьмі, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Са сваімі дзядамі, з жывымі крыніцамі інфармацыі. Нашым дзецям і ўнукам, напэўна, у гэтым плане пашанцавала менш, таму што практычна сёння ўжо, на жаль, няма з кім мець зносіны, таму што гады ідуць, час бярэ сваё».
Міхаіл Мірончык пажадаў нашай моладзі не адчуваць тых цяжкіх суровых дзён вайны: «Я хачу пажадаць маладым людзям не трымаць у руках зброю, абараняючы сваю Радзіму. Я глыбока ўпэўнены, што мае калегі, якія прыходзяць штогод на Востраў Мужнасці і Смутку, павінны паслужыць нейкай эстафетай, якую павінны перадаць нашай моладзі. Я абсалютна ўпэўнены, што на вопыце маіх баявых таварышаў, на іх апавяданнях аб тым ліхалецці можна выхоўваць падрастаючую моладзь і быць яркім прыкладам у выхаванні нашых патрыётаў, што ў любы момант гатовыя згуртавацца плячом да пляча, стаць у шэрагі, абараніць рубяжы сваёй Радзімы, калі гэта спатрэбіцца. Але хацелася б, вядома, пажадаць ім, перш за ўсё, мірнага неба, і хай ім даводзіцца абараняць толькі мірныя рубяжы, але не быць удзельнікамі ваенных канфліктаў. Я, вядома, сёння смуткую са сваімі калегамі, успамінаючы тыя часы, і хачу пажадаць ім моцнага здароўя і даўгалецця. І каб яны многія-многія гады былі прыкладам для тых, пра каго я сёння сказаў вышэй».
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспекі Генадзь Ляпешка адзначыў: «У беларусаў на генным узроўні закладзена аказанне дапамогі тым, хто яе просіць, хто ў ёй мае патрэбу. Усім, хто сёння адзначае гэты дзень, усім, хто ўдзельнічаў у гэтай вайне, воінам-інтэрнацыяналістам, ветэранам я жадаю моцнага здароўя і мірнага неба над галавой».
Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць», ветэран афганскай вайны палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Шокаў таксама гаварыў пра мір і пра гатоўнасць яго бараніць: «Мы цяпер хочам зрабіць усё, каб у нашай краіне быў мір. У гэты дзень мы ўспамінаем нашых хлопцаў, якія загінулі, праводзім сустрэчы з нашай моладдзю, з ваеннаслужачымі, студэнтамі, папаўняем экспазіцыі музея. Мы выступаем, пішам кнігі пра тую вайну. Нядаўна выпусцілі кнігу, якая называецца «Афганістан. Мужнасць». У ёй мы сабралі ўвесь матэрыял пра нашых Герояў Савецкага Саюза, ураджэнцаў Беларусі. Сярод пяці першых герояў Савецкага Саюза ёсць яшчэ адзін, шосты Герой, якога нядаўна даведаліся. Гэта Яўген Сяргееў, камандзір групы, які першы ўзяў у Афганістане ПЗРК «Стынгер», і праз 25 гадоў яму пасмяротна Уладзімір Пуцін прысвоіў званне Героя Расійскай Федэрацыі. Пра гэта ўсё напісана ў кнізе. Мы хочам, каб пра тую вайну ведалі, каб наша моладзь была гатовая да абароны нашай Радзімы, ужо з дзіцячых гадоў магла абараніць сваю сям’ю, сваіх родных, блізкіх і нашу Радзіму».
фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.