У Беларусі 14-16% шлюбных пар сутыкаюцца з бясплоддзем. Аб гэтым паведаміла загадчык лабараторыі рэпрадуктыўнага здароўя ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця» Міністэрства аховы здароўя Таццяна Вашчыліна, піша БелТА.
Паводле яе слоў, рэпрадуктыўнае здароўе жанчыны закладваецца з унутрычэраўнага перыяду. У дзяўчынкі да моманту нараджэння налічваецца каля 1,5 млн яйцаклетак, аднак да моманту палавога паспявання іх застаецца ўсяго 450 тыс. І іх на працягу жыцця становіцца ўсё менш.
«Бясплоддзе — адна з праблем, якая апошнім часам выходзіць на дастаткова сур’ёзны ўзровень. Колькасць бясплодных пар расце ва ўсім свеце», — адзначыла Таццяна Вашчыліна.
Урачы рэкамендуюць не чакаць. Калі на працягу года пры планаванні цяжарнасці яна не надыходзіць, то варта звяртацца да спецыялістаў.
Асноўнымі фактарамі бясплоддзя лічацца гінекалагічныя захворванні, перанесеныя інфекцыі і мужчынскія рэпрадуктыўныя парушэнні. Сярод галоўных прычын вылучаюць такія жаночыя фактары, як спаечныя працэсы, эндаметрыёз і гарманальныя парушэнні. Мужчынскі фактар — зніжэнне якасці спермы.
У краіне дзейнічаюць дзяржаўныя праграмы для дапамогі такім сем’ям. Для лячэння прымяняюцца кансерватыўныя метады тэрапіі, а таксама дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі, такія як экстракарпаральнае апладненне (ЭКА). Жанчынам гарантаваны дзве бясплатныя спробы ЭКА за кошт дзяржавы. Удзельнічаць могуць як замужнія жанчыны, так і тыя, хто не знаходзіцца ў шлюбе.
«Каб прыняць удзел у праграме, муж і жонка або адзінокая жанчына павінны быць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, мець паказанні да прымянення ЭКА. І павінны адсутнічаць медыцынскія супрацьпаказанні да працэдуры», — адзначыла Таццяна Вашчыліна.
Як паведамлялася, 23 чэрвеня ўрадам зацверджаны парадак прадастаўлення бясплатных спроб экстракарпаральнага апладнення і фінансавання расходаў на іх правядзенне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Выключана патрабаванне аб неабходнасці звароту ў рэгіянальныя камісіі па адборы пацыентаў для прадастаўлення бясплатнай спробы ЭКА, а таксама аб стварэнні такіх камісій.
З улікам прадастаўлення магчымасці правядзення дзвюх бясплатных спроб ЭКА пастановай (у параўнанні з ранейшай) дадаткова рэгламентуюцца асаблівасці прадастаўлення другой спробы ЭКА пры наяўнасці на захоўванні крыякансерваваных эмбрыёнаў, пытанні іх транспарціроўкі. Вызначана цэнтралізацыя правядзення бясплатных праграм на базе дзяржаўнай установы РНПЦ «Маці і дзіця».