Узровень гарманізацыі прынятых стандартаў з міжнароднымі і еўрапейскімі перавысіў 65 %. Пра гэта расказала старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова на пасяджэнні сумеснай калегіі Дзяржстандарту і Расстандарту, перадае БелТА.
«Асноўнай задачай дзяржаўнай стандартызацыі ў 2025 годзе з’яўляліся развіццё і падтрыманне ў актуальным стане нарматыўнай базы, якая фарміруе ўмовы для павышэння тэхнічнага ўзроўню, бяспекі і якасці прадукцыі, што выпускаецца, росту экспартных магчымасцяў айчынных вытворцаў, у тым ліку за кошт пераваг ЕАЭС, укаранення інавацый, эканоміі рэсурсаў, а таксама ліквідацыі тэхнічных бар’ераў у гандлі і імпартазамяшчэнні. У 2025 годзе зацверджана і ўведзена ў дзеянне каля 1 тыс. дзяржаўных стандартаў. Распрацоўкі датычыліся транспарту, будаўніцтва, машынабудавання і сельгастэхнікі, робататэхнікі, мэблі, лёгкай і харчовай прамысловасці, энергетыкі, павышэння якасці сувязі, лічбавай эканомікі разумнага горада, беражлівай вытворчасці», — расказала Алена Маргунова.
Акрамя таго, за гэты перыяд было адменена 357 дзяржаўных стандартаў, якія змяшчаюць састарэлыя патрабаванні, адзначыла яна. «Узровень гарманізацыі прынятых стандартаў з міжнароднымі і еўрапейскімі перавысіў 65 %. Гэта дазваляе ўжываць у краіне тэхнічныя рашэнні, распрацаваныя сусветнымі лідарамі прамысловасці і прызнаныя на міжнародным ці рэгіянальным узроўнях, выпускаць прадукцыю, канкурэнтаздольную не толькі на ўнутраным рынку, але і за яго межамі. Усяго фонд стандартаў налічвае 32 592 дакументы», — падзялілася інфармацыяй старшыня Дзяржстандарту.
Па словах Алены Маргуновай, у 2026 годзе ў галіне стандартызацыі павінны быць рэалізаваны такія задачы, як распрацоўка ў высокатэхналагічных галінах прамысловасці, а таксама ў традыцыйных сферах эканомікі сучасных стандартаў для павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці, а таксама рэалізацыя праграмы апераджальнай стандартызацыі ў прыярытэтных сферах нацыянальнай эканомікі да 2029 года.
Тэхнічнай асновай сістэмы забеспячэння адзінства вымярэнняў з’яўляюцца Нацыянальныя эталоны адзінак велічынь. «Цяпер у краіне распрацавана і эксплуатуецца 70 нацыянальных эталонаў адзінак велічынь. У 2025 годзе ў выніку выканання падпраграмы „Эталоны Беларусі“ створана 3 і мадэрнізавана 4 нацыянальныя эталоны. Развіццё нацыянальнай эталоннай базы працягваецца ў рамках дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы „Інавацыйнае развіццё эталоннай базы Рэспублікі Беларусь“ на 2026—2030 гады. Асноўны ўпор у ёй зроблены не на распрацоўку новых, а на мадэрнізацыю дзеючых. Гэта неабходна для забеспячэння балансу паміж работай па стварэнні нацыянальных эталонаў адзінак велічынь і падтрыманні ўжо створаных на сучасным узроўні. Так, да 2030 года будзе створана 4 новыя нацыянальныя эталоны адзінак велічынь і мадэрнізавана 8. Прымяненне гэтых распрацовак найбольш запатрабавана ў такіх сферах, як прыборабудаванне, аўтамабілебудаванне, тэлекамунікацыйнае абсталяванне, біялагічныя, хіміка-фармацэўтычныя і медыцынскія тэхналогіі», — расказала Алена Маргунова.
Яна падкрэсліла, што на 2026 год у галіне метралогіі пазначаны наступныя задачы: развіццё інфраструктуры метралагічнага забеспячэння, умацаванне пазіцый краіны ў галіне метралогіі на міжнароднай арэне, павышэнне іміджу і канкурэнтаздольнасці прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў праз супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. Прыярытэтам дзяржаўнага кантролю (нагляду) у 2026 годзе застаецца комплексны падыход, накіраваны не толькі на выяўленне, але і на папярэджанне парушэнняў у мэтах забеспячэння бяспекі спажыўцоў і абароны ўнутранага рынку Беларусі.