Top.Mail.Ru

У Беларусі адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца сёння ў Рэспубліцы Беларусь. Ён быў заснаваны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» і з’яўляецца выхадным днём у краіне, паведамляе БелТА.


Кастрычніцкая рэвалюцыя адбылася 25 кастрычніка (7 лістапада па новым стылі) 1917 года. Яна стала адной са значных падзей XX стагоддзя і карэнным чынам паўплывала на ход далейшай гісторыі. Рэвалюцыя ўскалыхнула і натхніла мільёны людзей на барацьбу супраць прыгнёту і няроўнасці. Кастрычнік 1917 года, асабліва для прадстаўнікоў старэйшага пакалення, стаў сімвалам пераўтварэння жыцця ў Беларусі. Дзякуючы рэвалюцыі беларускі народ набыў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, збярог і ўзбагаціў нацыянальную культуру.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адбылося самавызначэнне Беларусі, стварэнне нацыянальнай дзяржавы на савецкай аснове. Мэтазгоднасць менавіта гэтай формы дзяржаўнасці пацвярджалі настроі беларускага грамадства, прывабнасць палітычнай праграмы бальшавікоў, узрослая ваенная моц Савецкай Расіі на Заходнім фронце. БССР першапачаткова заняла тэрыторыю шасці паветаў былой Мінскай губерні — толькі частка Цэнтральнай Беларусі. Але маленькая рэспубліка з плошчай усяго 50 тыс. кв.км і насельніцтвам у 1,5 млн чалавек стала адным з сузаснавальнікаў Савецкага Саюза і сабрала вакол сябе спачатку ўсходнебеларускія, а потым і заходнебеларускія землі. Сучасная Беларусь — прамы спадчыннік і правапераемнік БССР, а БССР стала магчымай толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Мінула ўжо 109 гадоў з моманту падзеяў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але менавіта ў 1917 годзе наш народ зрабіў важныя захады на шляху будаўніцтва сучаснай беларускай дзяржавы. У нашы дні Беларусь упэўнена ідзе па шляху суверэннага развіцця, здолеўшы захаваць і прымножыць дасягненні савецкага перыяду. У нашай краіне склалася ўласная мадэль дзяржавы з моцнай сацыяльнай палітыкай і сацыяльна арыентаванай эканомікай, накіраванымі на павышэнне якасці жыцця грамадзян і грамадства ў цэлым.

У Беларусі сфарміравана ўнікальная палітычная мадэль з развітой сістэмай прадстаўнічых органаў улады. Наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйна-прававога статусу ўмацавала асновы беларускай дзяржаўнасці і паказала, што беларусы з’яўляюцца згуртаванай нацыяй, якая можа самастойна ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх.

Захоўваючы гэты дзень сярод іншых значных дат, мы тым самым аддаём даніну памяці таго часу, калі наш народ атрымаў імпульс для развіцця беларускай дзяржаўнасці. У многіх гарадах Беларусі 7 лістапада праходзяць урачыстыя цырымоніі ўскладання кветак да помніка Леніна, святочныя канцэрты, розныя дыялогавыя пляцоўкі і асветніцкія мерапрыемствы. Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў краіне традыцыйна рэканструююць і ўводзяць у строй шэраг важных і буйных аб’ектаў, у тым ліку сацыяльных, сярод якіх жылыя дамы, дзіцячыя сады, навучальныя ўстановы, паліклінікі, спартыўныя комплексы, масты і дарогі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю