Top.Mail.Ru
77

У Беларусі адзначаецца зніжэнне колькасці карупцыйных злачынстваў

Рашуча і бескампрамісна


Недатыкальных няма

Паводле даных, якія прывяла старшы пракурор упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Вольга Бахар, калі ў 2015 годзе фіксавалася каля 1600 карупцыйных злачынстваў, то летась — 843. 

У мінулым годзе да крымінальнай адказнасці за карупцыйныя злачынствы прыцягнута больш за 750 асоб, з іх 7 займалі адказныя пасады. Найбольшую долю карупцыйных злачынстваў — больш за палову — складае хабарніцтва.

Дарэчы, памер хабару бывае самы розны: напрыклад, урач агульнай практыкі адной з цэнтральных раённых бальніц ацаніла свае паслугі па выпісцы бальнічнага ў 8 рублёў. Як было ўстаноўлена, усяго на рахунку медыка чатыры эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці, а сукупны памер атрыманага ёю хабару склаў 150 рублёў.

Практычна палова ўсіх карупцыйных злачынстваў мелі месца ў сталіцы і Віцебскай вобласці, тады як самы нізкі ўзровень адзначаны ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Найбольш уразлівымі сферамі, паводле звестак Генпракуратуры, застаюцца сельская гаспадарка, прамысловасць, транспарт, будаўніцтва, ахова здароўя і адукацыя. У будаўнічых арганізацыях і на сельгаспрадпрыемствах, напрыклад, пераважаюць службовыя крадзяжы і службовыя падлогі. Летась пракурорамі па выніках агульнанаглядных праверак узбуджана 132 крымінальныя справы, унесена звыш 2,5 тысячы актаў пракурорскага нагляду. Каля 3,5 тысячы службовых асоб былі прыцягнуты да матэрыяльнай, адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці, 17 асоб вызвалены ад пасад.

Застаецца актуальнай праблема нядобрасумленнага пасрэдніцтва — факты закупак па завышанай цане або лабіравання інтарэсаў канкрэтных камерцыйных структур выяўляюцца праваахоўнымі органамі штогод, асабліва ў прамысловай сферы. Напрыклад, летась, паводле слоў Вольгі Бахар, было ўстаноўлена больш за 70 такіх злачынстваў.Усё гэта падрывае прынцыпы добрасумленнай канкурэнцыі і вядзе да неабгрунтаванага росту затрат. Таму Генеральная пракуратура прымае ўдзел у выпрацоўцы дадатковых мер па мінімізацыі неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва, ажыццяўляецца дапрацоўка адпаведнага праекта ўказа Прэзідэнта.

— Як адзначае кіраўнік дзяржавы, у нашай краіне недатыкальных няма. Незалежна ад заслуг, ад таго, што было зроблена чалавекам, у выпадку ўчынення ім карупцыйнага злачынства ён абавязкова будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, — папярэдзіла Вольга Бахар. — Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, барацьба з карупцыяй на ўсіх узроўнях павінна быць рашучай і бескампраміснай. Прымаюцца комплексныя меры: удасканаленне заканадаўства, развіццё лічбавых тэхналогій пры ажыццяўленні закупачнага працэсу, узмацненне адказнасці за карупцыю.

Пазбегнуць адказнасці не атрымаецца

Штогод каля 70-75 % карупцыйных злачынстваў выяўляецца менавіта органамі ўнутраных спраў, расказаў намеснік начальніка 2-га аддзела 4-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Дзяніс Гарлуковіч. Прыярытэтным кірункам пры гэтым з’яўляецца процідзеянне сістэмнай дзелавой карупцыі — тым схемам, калі хабары перадаюцца суб’ектам гаспадарання за вырашэнне пытанняў у інтарэсах аднаго хабарадаўца. Летась выяўлена 38 такіх выпадкаў.

Характэрна, што апошнім часам карупцыянеры ўсё часцей атрымліваюць хабары ў крыптавалюце — такая тэндэнцыя назіраецца на працягу трох гадоў, асабліва ў сферы дзяржзакупак. «Калі ацэньваць мінулы год, то самы буйны хабар атрыманы ў крыптавалюце ў эквіваленце 360 тысяч долараў. У далейшым на крыптакашальках фігуранта выяўлена практычна аналагічная сума, паходжанне якой устанаўліваецца. Гэта сведчыць аб тым, што карупцыянер сістэмна атрымліваў хабар у буйным памеры. Грашовыя сродкі былі канфіскаваны ў даход дзяржавы», — адзначыў Дзяніс Гарлуковіч.

На дапамогу праваахоўнікам у падобных выпадках прыходзяць інфармацыйна-аналітычныя сістэмы, якія дазваляюць распазнаваць прыкметы карупцыі, часам нават не выходзячы з кабінета. — Сёння карупцыя паціху пераходзіць у лічбавае асяроддзе, бо многія лічаць, што крыптавалюта — гэта ананімнасць і бяспека. Але следчая практыка даказвае адваротнае, — падкрэсліў следчы па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю цэнтральнага апарату Следчага камітэта Ігар Амельянюк. — Цяпер магчымасці праваахоўных органаў дазваляюць фіксаваць увесь ланцужок аперацый з крыптавалютай: пачынаючы ад набыцця хабарадаўцам і заканчваючы пераводам у наяўныя грошы, у тым ліку і за мяжой. Некалькі крымінальных спраў аб атрыманні хабараў у крыптавалюце Следчым камітэтам ужо было расследавана і накіравана ў суд.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю