Top.Mail.Ru

У Беларусі адзначаюць Дзень пагранічніка

На варце рубяжоў краіны...


Штогод 28 мая ў нашай краіне адзначаюць Дзень пагранічніка — прафесійнае свята тых, хто выбраў справай усяго жыцця стаяць на перадавой абароны дзяржавы. Воіны ў зялёных фуражках ахоўваюць рубяжы нашай краіны днём і ноччу. Пільна і нястомна кожны на сваім месцы сочыць за становішчам на зямлі, на вадзе і ў паветры. Яны ж першымі бяруць на сябе любыя пагрозы звонку. 


Гэтая служба цяжкая, небяспечная і патрабуе поўнай гатоўнасці да любых змен. Гістарычна абарона рубяжоў Айчыны была адной з самых адказных і ганаровых місій, выкананне якой Радзіма давярала толькі найлепшым. Пагранічныя войскі Беларусі мужна выконваюць свой абавязак, вырашаючы самыя адказныя задачы па забеспячэнні бяспекі краіны. 

Устаноўленае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прафесійнае свята падкрэслівае ўклад пагранічнага ведамства ў забеспячэнне нацыянальнай бяспекі суверэннай беларускай дзяржавы, сімвалізуе непарыўную сувязь сучасных вартавых граніц з папярэднімі пакаленнямі воінаў у зялёных фуражках. У гэты дзень супрацоўнікі ведамства з асаблівым гонарам успамінаюць гераічныя старонкі нашай гісторыі, аддаюць даніну памяці і павагі ўсім пакаленням пагранічнікаў.

У гонар свята па ўсёй краіне сёння, 28 мая, праходзяць маштабныя мерапрыемствы. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя прафесійнаму святу вартавых граніц, у беларускай сталіцы стартавалі з ускладання кветак у скверы Талбухіна да памятнага знаку «Вартавым граніцы ўсіх пакаленняў». Акрамя таго, пагранічнікі, ветэраны і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў ушанавалі памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне на Плошчы Перамогі.

«Дзяржаўную граніцу ахоўвае ўвесь беларускі народ»

— 28 мая 1918 года старшыня Саўнаркама маладой савецкай дзяржавы Уладзімір Ленін падпісаў дэкрэт «Аб заснаванні пагранічнай аховы». З тых часоў для нас гэты дзень з’яўляецца прафесійным святам, — падкрэсліў у размове з журналістамі старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі генерал-маёр Канстанцін Моластаў. — Сімвалічна тое, што менавіта каля Вечнага агню на Плошчы Перамогі мы ўскладаем кветкі і вянкі ў памяць аб тых суровых падзеях, якія былі ў 1941 годзе, калі 665 пагранічных застаў Заходняй пагранічнай акругі прынялі бой з фашыстамі. Ніводная пагранічнай застава не адступіла без загаду і не пакінула свае пазіцыі. 


Затым вартавыя граніц, па словах кіраўніка Дзяржпагранкамітэта, у гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічалі ў самых сур’ёзных і маштабных бітвах за Радзіму. 

— Больш за 50 пагранічнікаў узначальвалі партызанскія атрады. І нам ёсць на каго раўняцца, — выразіў упэўненасць Канстанцін Моластаў. — Як сказаў Прэзідэнт, дзяржаўную граніцу ахоўвае ўвесь беларускі народ. Я хачу ў гэты дзень павіншаваць усіх з прафесійным святам, пажадаць здароўя, шчасця, поспехаў і мірнага неба над галавой.

Старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы» палкоўнік Сяргей Папоў прысвяціў службе ў пагранічных войсках больш за 30 гадоў. Ён звярнуў увагу, што шэрагі пагранічнікаў з кожным годам усё больш папаўняюцца моладдзю.

— Прыемна бачыць, як нашы шэрагі папаўняюцца моладдзю, — заўважыў Сяргей Папоў. — Кожная пагранзастава — гэта сям’я. Там усяго 40-50 чалавек, і кожны адзін за аднаго гарой. Службу на граніцы немагчыма забыць. Яна ніколі не была лёгкай, але цяпер, у параўнанні з 1980-мі гадамі, напрыклад, ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб ваеннаслужачым было камфортна і бяспечна.


Сваю службу палкоўнік Сяргей Папоў пачынаў у пагранічных войсках у Сярэдняй Азіі. Сёння ён узначальвае рэспубліканскую арганізацыю ветэранаў. 

— Дзень пагранічніка для нас — гэта ў першую чаргу даніна памяці. Гэта памяць пра тых, хто сышоў у вечны дазор, застаўся на граніцах. Але ў нашай памяці яны заўсёды, — рэзюмаваў прадстаўнік пагранічнага ведамства.

Пасля ўрачыстай цырымоніі ўскладання вянкоў да Вечнага агню на Плошчы Перамогі пешая калона накіравалася да Вострава Мужнасці і Смутку, каб аддаць даніну памяці тым, хто выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Традыцыйна святочныя мерапрыемствы сёння праходзяць ва ўсіх падраздзяленнях органаў пагранічнай службы. Ваеннаслужачыя наведваюць памятныя месцы разам з калегамі і блізкімі.

У гонар 108-годдзя пагранічнай службы і ў памяць аб подзвігах вартавых граніцы ў сталічным Парку Перамогі адкрылі Алею Славы герояў-пагранічнікаў усіх пакаленняў.


На алеі ўстаноўлены 18 таблічак з імёнамі герояў-пагранічнікаў і назвамі падраздзяленняў, якія носяць гэтыя імёны. Кожны крок тут дазваляе ўспомніць тых, чыё імя стала сімвалам мужнасці, стойкасці, патрыятызму і пагранічнага майстэрства.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта генерал-маёр Канстанцін Моластаў, старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў, протаіерэй Сергій Кузьмянкоў, афіцэры, ветэраны-пагранічнікі, курсанты і кадэты.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю