Top.Mail.Ru

У Беларусі будзе зарэгістравана Міжнародная асацыяцыя «Цэнтр падтрымкі якасці экспартнай прадукцыі»

Рацыянальныя рашэнні на экспертным узроўні

Днямі ў сталіцы прайшло пасяджэнне ўстаноўчага сходу Міжнароднай асацыяцыі «Цэнтр падтрымкі якасці экспартнай прадукцыі». Асацыяцыя аб’яднае спецыялістаў у галіне стандартызацыі, прамысловасці, навукі і бізнесу, адукацыі. Яе галоўная задача — дапамагаць прадпрыемствам замацоўвацца на замежных рынках: растлумачваць патрабаванні, знаёміць з неабходнымі працэдурамі, павышаць узровень даверу да беларускай прадукцыі. Цэнтр падтрымкі якасці экспартнай прадукцыі будзе займацца і пошукам аптымальных суадносін «цана — якасць», асабліва для ўсходніх рынкаў, дзе патрабаванні і плацежаздольнасць адрозніваюцца ад еўрапейскіх.

У будучыні да работы могуць далучыцца і іншыя краіны, напрыклад, Кітай, Індыя, В’етнам, Узбекістан. Мяркуецца, што ў такім фармаце можна будзе выпрацоўваць рашэнні, якія дазволяць прасоўваць прадукцыю без лішніх бар’ераў.

Старшыня Дзяржстандарта Беларусі Алена МАРГУНОВА адзначыла, што асацыяцыя стане экспертнай дыялогавай пляцоўкай паміж рознымі органамі і арганізацыямі: 

«У першую чаргу гэта дзяржстандарты Беларусі і Расіі, а таксама міністэрствы прамысловасці. І на гэтай дыялогавай пляцоўцы павінны абмяркоўвацца і выпрацоўвацца прапановы па пытаннях абароны ўнутранага рынку, зняцця бар’ераў пры пастаўках прадукцыі, а таксама ўнясення змяненняў у заканадаўства».

Цяпер у межах Саюзнай дзяржавы актыўна прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні тэхнічнага камітэта па стандартызацыі і якасці. «Чакаецца, што асацыяцыя дапоўніць яго дзейнасць у межах „двойкі“ для развіцця інфраструктуры якасці нашых краін у адпаведнасці з сённяшнімі рэаліямі, развіццём экспартных кірункаў, а таксама сучасным тэхнічным узроўнем і кампетэнцыямі», — патлумачыла Алена Маргунова.

Кіраўніком Міжнароднай асацыяцыі «Цэнтр падтрымкі якасці экспартнай прадукцыі» падчас пасяджэння быў выбраны Віктар НАЗАРАНКА. Паводле яго слоў, стварэнне асацыяцыі звязана з неабходнасцю пашыраць экспартныя магчымасці дзвюх краін — Беларусі і Расіі: «Тэма якасці не мае меж. Беларусь і Расія працуюць у цеснай звязцы. І ўсе нашы поспехі — сумесныя. Трэба стварыць такую асацыяцыю. Таму што важна выпрацоўваць рацыянальныя рашэнні на экспертным узроўні. І гэтыя рашэнні павінны датычыцца ўсіх пытанняў, звязаных з пашырэннем нашых экспартных магчымасцяў. Таксама важна вырашаць задачы, звязаныя са зняццем гандлёвых бар’ераў. Часта прадпрыемствам складана зарыентавацца ў патрабаваннях і правілах пэўных краін. І гэтымі пытаннямі будзе займацца асацыяцыя».

Дырэктар Дзяржаўнага рэгіянальнага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і выпрабаванняў у Пскоўскай вобласці Аляксандр БАРКОЎ упэўнены, што стварэнне асацыяцыі дазволіць больш эфектыўна прасоўваць прадукцыю вытворцаў Беларусі і Расіі на экспарт: «Выхад на знешнія рынкі перш за ўсё звязаны з пытаннямі якасці і яе пацвярджэннем. І тыя інструменты, якія асацыяцыя можа даць, дазволяць у тым ліку і прадпрыемствам Пскоўскай вобласці працаваць на экспарт. Такая сумесная работа, я думаю, будзе карыснай. Гэта важная недзяржаўная пляцоўка для экспертнай работы і дапамогі нашым прадпрыемствам у прасоўванні прадукцыі ў іншыя краіны. Беларускі бок заўсёды адрозніваўся высокімі кампетэнцыямі ў гэтай сферы».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю