Top.Mail.Ru

У Беларусі ў час восеньскіх канікулаў каля 68 тыс. дзяцей адпачываюць у школьных лагерах

У час восеньскіх канікулаў у Беларусі працуюць больш як 2 тыс. лагераў пры ўстановах адукацыі. У іх адпачываюць каля 68 тыс. навучэнцаў. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар, перадае БелТА.


Канікулы праходзяць з 1 па 8 лістапада. У час арганізацыі школьнага вольнага часу важна зрабіць адпачынак дзяцей цікавым, пазнавальным, актыўным. Мерапрыемствы павінны дапамагчы дзецям падтрымліваць здаровы лад жыцця і прывіваць карысныя навыкі, падкрэсліў Віктар Доўнар.

Напрыклад, для старшакласнікаў ВНУ праводзяць прафарыентацыйныя мерапрыемствы «Адзін дзень ва ўніверсітэце». «Навучэнцы выпускных класаў могуць наведаць ВНУ і пазнаёміцца з будучай спецыяльнасцю. Таксама ў іх ёсць магчымасць пабыць студэнтам на адзін дзень і акунуцца ва ўніверсітэцкае жыццё, каб лепш зразумець, якая прафесія ім падыходзіць», — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення. 

У час канікулаў працягваецца і маштабны рэспубліканскі праект «Спазнаём, ганарымся, захоўваем». Ён аб’ядноўвае адукацыйныя школьныя маршруты па Беларусі. «Хлопцы і дзяўчаты падарожнічаюць класамі і вывучаюць гісторыю краіны, у тым ліку яе гераічнае мінулае. Гарады напоўнены школьнымі экскурсійнымі аўтобусамі. Такія паездкі аб’ядноўваюць дзяцей і ўмацоўваюць сяброўства паміж імі», — дадаў ён.

Установы адукацыі таксама актыўна ўзаемадзейнічаюць з тэатрамі, кінатэатрамі і музеямі. Школьнікі могуць наведаць Нацыянальную бібліятэку, Вялікі тэатр Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, установы культуры ў рэгіёнах. «Галоўнае, каб хлопцы і дзяўчаты прыходзілі ў свае ўстановы адукацыі, а педагогі дапамогуць ім выбраць цікавыя і займальныя заняткі і арганізаваць вольны час. Акрамя агульных рэкамендацый Міністэрства адукацыі, у кожнай установе рэгіёна ёсць уласныя праекты, якія распрацоўваюцца з улікам мясцовых традыцый і ўжо назапашанага вопыту», — сказаў Віктар Доўнар.

Ён таксама заклікаў бацькоў сачыць за тым, як дзеці бавяць вольны час у перыяд канікулаў, удзяляць асаблівую ўвагу іх бяспецы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю