У Беларусі да 2030 года плануецца дасягнуць узроўню 100 робатаў на 10 тыс. работнікаў. Пра гэта расказаў міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны», паведаміла БелТА.
Андрэй Кузняцоў адзначыў, што сёння вытворчасцям сапраўды не хапае рабатызацыі, таму пастаўлена задача забяспечыць названы ўзровень рабатызацыі да канца бягучай пяцігодкі. «Задача вырашальная. Па бягучых падліках цяпер гэта 10-15 робатаў на 10 тыс. чалавек», — сказаў ён.
Важна вызначыць, дадаў міністр, што менавіта лічыць рабатызацыяй. «Калі мы гаворым пра лазерны раскрой металу, то раней гэта рабілі ўручную праз штампы, а цяпер проста паклаў ліст — і гатова. Ці з’яўляецца гэта рабатызацыяй? Лічу, што так. Таму тут трэба выпрацаваць падыходы да ўліку», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.
Паводле яго слоў, неабходна прапрацаваць пытанне, дзе менавіта рабатызацыя будзе дарэчная. «Мы — краіна з экспартнай арыентацыяй, і ў нас вялікая наменклатура вытворчасці. Робат больш падыходзіць для монапрадукту, чым для шырокай гамы прадукцыі. Каб робат сам сябе акупляў, павінна быць не больш за пяць пераналадак у год. А ў нас часам дзе хацелі б паставіць робата — практычна па два разы на дзень трэба пераналаджваць. Таму фізічная праца нашых людзей і спецыялістаў нікуды не сыдзе, яна застанецца. Мы проста палегчым яе», — адзначыў Андрэй Кузняцоў.