Top.Mail.Ru

У Беларусі існуе велізарны рэзерв выкарыстання прыватных інвестыцый

Наша краіна не вельмі багатая. Але далёка і не бедная. Прычым у немалой колькасці грамадзян у характары пераважае здаровы сялянскі менталітэт, які прадугледжвае як беражлівасць, так і цягу да назапашвання. Балазе, рост даходаў насельніцтва і ў намінальным, і ў рэальным выражэнні дазваляе людзям адкладаць. Летась норма назапашвання дасягнула гістарычнага максімуму за найноўшую гісторыю Беларусі і перавысіла 15 % ад грашовых даходаў насельніцтва. І гэтыя сродкі могуць стаць значнай крыніцай інвестыцый для рэальнага і інавацыйнага сектараў.



Іншае пытанне, што рэальны сектар павінен сфарміраваць такія прапановы, ад якіх немагчыма будзе адмовіцца.

Крыху лічбаў, якія ў нашым выпадку з’яўляюцца далёка не сумнымі. Сукупныя грашовыя даходы беларусаў летась перавысілі 150 мільярдаў рублёў. Гэта і заработная плата, і сацыяльныя трансферты, і даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці і нерухомасці. І больш за 15 капеек з кожнага рубля летась мы адкладалі. У агульнай складанасці ў 2024-м зберажэнні насельніцтва прыраслі на 22,5 мільярда рублёў. Шмат гэта ці мала? Цалкам дастаткова, каб ажывіць беларускую эканоміку.

Па даных Нацыянальнага банка ў мінулым годзе тэрміновыя дэпазіты насельніцтва перавысілі 10 мільярдаў рублёў. Прырост склаў каля 35 %, ці 3 мільярды ў грашовым эквіваленце. Вядома, часткова адкладзеныя сродкі беларусы захоўваюць на тых жа бягучых рахунках, якія таксама з’яўляюцца рэсурсным складнікам банкаўскага сектара і выступаюць крыніцай для крэдытавання эканомікі. Але нямала сродкаў знаходзяцца, так бы мовіць, на руках у тых ці іншых валютах. З пункту гледжання інвестыцый гэтыя рэсурсы хаваюць у сабе велізарны патэнцыял.

Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта летась укладанні ў асноўны капітал склалі 47,3 мільярда рублёў. У рэальнага сектара маецца вялікі рэзерв для нарошчвання актыўнасці, калі ён навучыцца прыцягваць сродкі прыватных асоб.


Будзем аб’ектыўныя: прыватная інвестыцыйная экасістэма ў нас развіта вельмі слаба. Чаму? Вельмі складанае пытанне. Быццам бы нарматыўна-прававая база для развіцця гэтага кірунку ёсць. Магчыма, у нейкіх момантах яна не самая дасканалая, патрабуе дапрацоўкі. Але якой — дакладна сказаць ніхто не можа. Тыя ж паявыя інвестыцыйныя фонды ўжо нямала гадоў ёсць магчымасць ствараць. Але пакуль гэтым правам асабліва ніхто не скарыстаўся. А калі няма практыкі, адпаведна, пытанне ўдасканалення нарматыўна-прававой базы ператвараецца ў нейкі абстрактны працэс.

Беларуская валютна-фондавая біржа таксама сфарміравала вельмі сучасную інфраструктуру, якая дазваляе кампаніям прыцягваць фінансавыя рэсурсы на адкрытым рынку. Але нельга сказаць, каб беларускі бізнес — і дзяржаўны, і прыватны — у масавым парадку карыстаўся такой магчымасцю. Пляцоўкі для біржавога гандлю ёсць, а тавару на іх — карпаратыўных каштоўных папер — фактычна няма. Адно з самых распаўсюджаных тлумачэнняў: у Беларусі мала грошай, каб разгарнуць шырокую актыўнасць на фондавым рынку. Прыводзяць нават нарматывы: гандаль каштоўнымі паперамі актывізуецца ў краінах, у якіх ВУП на душу насельніцтва перавышае 10 тысяч долараў. Быццам бы эмпірычны вопыт дзясяткаў краін гэты тэзіс пацвярджае. Але ці так ужо актуальна такое сцвярджэнне сёння?

Яшчэ адносна нядаўна біржавы гандаль з’яўлялася доляй досыць заможных грамадзян, бо патрабаваў пэўных выдаткаў па доступе да таргоў. Сёння актыўна развіваюцца разнастайныя мабільныя дадаткі і лічбавыя рашэнні, якія працэс інвеставання робяць даступным і танным. Каб стаць удзельнікам фондавага рынку, зусім неабавязкова быць мільянерам. Можна рабіць зберажэнні ў тых ці іншых каштоўных паперах фактычна з любым прыбыткам. Нават вельмі сціплым. У беларускім выпадку ўзнікае яшчэ адно цалкам лагічнае пытанне: а калі грошай раптам стане больш, ці зможа гэты патэнцыял рэалізавацца, калі ёсць дэфіцыт прапановы?


Узнікае вялікае пытанне да рэальнага сектара. З аднаго боку, многія кампаніі скардзяцца на дэфіцыт фінансавых рэсурсаў для актыўнага развіцця. З іншага — і блізка не выкарыстоўваюць усе магчымасці, якімі яны валодаюць для прыцягнення капіталу. У грамадзян штогод фарміруецца залішняя ліквіднасць у мільярды рублёў. Застаецца толькі зрабіць такую прапанову, каб ад яе было немагчыма адмовіцца. Вядома, гэта патрабуе пэўных намаганняў, кампетэнцый. І, галоўнае, адкрытасці. Тавар на рознічным рынку (у тым ліку і каштоўныя паперы) патрабуе адпаведнай рэкламы, піяру, прасоўвання. Неабходна, каб у яго паверылі прагматычныя беларусы. А тут ужо можна казаць аб якасці інвестыцыйных праектаў, іх інавацыйнасці і прывабнасці. Вось з гэтым у нас ёсць пэўныя праблемы. Дарэчы, попыт на рынку, які адлюстроўвае грамадскую думку, з’яўляецца дадатковай экспертызай бізнес-плана і яго жыццяздольнасці. Скажам, калі ў вас нарадзілася ідэя пабудаваць сетку паркінгаў, але ніхто не хоча ўкладваць у ваш бізнес ні капейкі, то існуе вельмі значная небяспека, што вашы паслугі па часовым захоўванні аўтамабіляў нікому не патрэбны. У іх не верыць масавы інвестар, у тым ліку зыходзячы і са сваіх асабістых спажывецкіх пераваг.

У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд 2026–2030 гадоў, у Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2040 года прапісана развіццё фондавага рынку. Ёсць надзея, што само жыццё прымусіць рэальны сектар пашыраць інструментарый прыцягнення фінансавых рэсурсаў. Магчымасці банкаўскага сектара, уласных сродкаў і бюджэту не бясконцыя, а развіццё неабходна як паветра. Прыйдзецца перабудоўваць свой светапогляд і пераконваць прыватных асоб, каб яны ўклалі сродкі ў той ці іншы праект.

Аляксей КЛІМАЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю