Top.Mail.Ru

У Беларусі існуе вялікі патэнцыял узаемадзеяння з ААЭ і Турцыяй

Багацці Блізкага Усходу

На сусветных рынках творыцца чахарда: уводзяцца пошліны, па свеце «гуляюць» санкцыі, перанакіроўваюцца таварныя патокі... Аб’ектыўна прыстроіць на экспарт сваю прадукцыю дастаткова цяжка. Тым не менш у Беларусі ёсць рэзервы для нарошчвання паставак за мяжу. І адзін з ёмістых рэгіёнаў — дзяржавы Блізкага Усходу. Нядаўна Мінскае аддзяленне гандлёва-прамысловай палаты арганізавала для бізнесу семінар «Бізнес-даведнік па ААЭ і Турцыі: лагістыка, фінансы, права і менталітэт». У нашай краіны з гэтымі дзяржавамі даўно склаліся цёплыя і сяброўскія адносіны: і на палітычным, і на эканамічным узроўнях. Але ёсць яшчэ магчымасць пашырыць і паглыбіць гэтыя сувязі з узаемнай выгадай.

Намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Віталь Вабішчэвіч у пачатку семінара дакладна акрэсліў, чаму былі выбраны менавіта гэтыя дзяржавы з шырокай геаграфіі беларускага экспарту. Па-першае, з названымі краінамі існуюць даўнія палітычныя і дыпламатычныя адносіны. Турцыя наогул стала першай дзяржавай, якая ў снежні 1991 года прызнала незалежнасць Беларусі.

З абедзвюма краінамі выбудавана добрая нарматыўна-прававая база. 

З Турцыяй заключана каля 40 розных дагавораў. З Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі 27 чэрвеня 2025 года было падпісана двухбаковае Пагадненне аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый: аб’ём дакумента больш як 80 старонак, і ён ахоплівае 12 сектараў эканомікі. А 6 кастрычніка гэтага года ўступае ў сілу Пагадненне аб эканамічным партнёрстве ЕАЭС — ААЭ. Гэта адкрывае акно магчымасцяў для бізнесу ўсіх краін — удзельніц пагадненняў.

  • Дзве дзяржавы ўваходзяць у дзясятку найважнейшых беларускіх знешнепалітычных партнёраў. Тавараабарот з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі набліжаецца да 4 мільярдаў долараў і дэманструе ўнікальную дынаміку: у 2019 годзе гэты паказчык знаходзіўся на ўзроўні каля 120 мільёнаў долараў. Гандаль з Турцыяй перавышае ўжо мільярд долараў.

Віталь Вабішчэвіч таксама адзначыў: у ААЭ і Турэцкай рэспубліцы рэалізуюцца розныя сацыяльна-эканамічныя мадэлі. Тым часам гэтыя дзве краіны выдатна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, развіваючы двухбаковыя і шматбаковыя сувязі. 

І сёння Беларусі, яе суб’ектам гаспадарання неабходна ўважліва вывучыць сітуацыю і вызначыць рэзервы ў эканамічным узаемадзеянні, якія можна рэалізаваць. Магчыма, у нейкіх пытаннях мы яшчэ не дапрацоўваем. Неабходна пашыраць кампетэнцыі па выбудоўванні дзелавых адносін з гэтым рэгіёнам. Спікер адзначыў, што Турцыя і ААЭ — глабальныя ігракі, пры гэтым мясцовы менталітэт адхіляе мітусню, прыняцце паспешлівых рашэнняў. Таму ў названыя дзяржавы беларускім кампаніям неабходна прыходзіць максімальна падрыхтаванымі, разумець мясцовыя камерцыйныя традыцыі, асаблівасці заканадаўства, каб эфектыўна праводзіць перагаворы і якасна выбудоўваць здзелкі.

Насуперак агульнапрынятаму меркаванню, да 75-80 % ВУП у эканоміцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў займае несыравінны сектар. Краіна робіць стаўку на развіццё апрацоўчай прамысловасці, аўтамабілебудавання, камунікацыйнай інфраструктуры і штучнага інтэлекту, радыё- і мікраэлектронікі, лагістыкі. У згаданыя сектары ААЭ актыўна інвесціруюць, а таксама прыцягваюць прамыя замежныя інвестыцыі — штогод каля 50 мільярдаў долараў, займаючы 9-е месца ў свеце па гэтым паказчыку.

З пункту гледжання рызыкі эканоміка гэтай краіны Персідскага заліва — адна з самых устойлівых у глабальнай прасторы. Дзяржава валодае значнымі фіскальнымі і знешнімі буферамі на выпадак непрадбачаных абставін: суверэннымі фондамі на 1,7 трыльёна долараў і золатавалютнымі рэзервамі ў аб’ёме 285 мільярдаў долараў. Існуе адчувальнасць да стабільнасці лагістычных шляхоў, але яна не такая значная, як гэта можа здацца. Нават ва ўмовах узброенага канфлікту ў рэгіёне, з далейшым спыненнем суднаходства ў Армузскім праліве эканоміка ААЭ працягвае расці. Павольней, чым у мінулыя гады (ВУП па выніках 2024-га +4 %, 2025-га — 6,2 %),— усяго 1,7 %, але ў наступным годзе плануецца выбухная аднаўленчая дынаміка — амаль 10 %

Сёння ААЭ адыгрываюць ролю аднаго з глабальных фінансавых архітэктараў. І гэта адкрывае для нашых кампаній магчымасць прыцягнення інвестыцый, 

у тым ліку праз удзел у сумесных праектах. Прычым накіраваных не толькі на патрэбнасці дзвюх краін, але па больш шырокай дузе: ААЭ актыўна інвесціруюць у дзяржавы Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу. Сукупныя інвестыцыі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусь ужо перавысілі 500 мільёнаў долараў (другое месца пасля Расіі). Каля 150 мільёнаў долараў было ўкладзена ў наш фінансавы сектар, 120 мільёнаў — у інфраструктуру, 80 мільёнаў — у тэхналогіі, 50 мільёнаў — у энергетыку і каля 30 мільёнаў — у аграпрамысловы комплекс.

Калі казаць пра рэзервы для экспарту беларускіх тавараў, то на першым месцы эксперты выдзяляюць піламатэрыялы хвойных парод — пастаўкі патэнцыяльна можна павялічыць амаль у тры разы. Аднак неабходна выбудаваць эфектыўную лагістыку і актывізаваць праходжанне сертыфікацыі нашымі вытворцамі. Сур’ёзны разрыў паміж пастаўкамі і патэнцыялам існуе ў замарожанага мяса птушкі, сухога абястлушчанага малака, ялавічыны, сыроў, масла. На гэтыя прадукты ў ААЭ ёсць устойлівы плацежаздольны попыт,  у тым ліку і з той прычыны, што краіна на 80 % залежыць ад імпартнага харчавання. Ёсць магчымасці нарасціць пастаўкі паўправаднікоў, запчастак, угнаенняў (хларыд калію), хімічнай прадукцыі, мэблі, ДДФ, фанеры. Патэнцыяльны імпарт з ААЭ ў Беларусь уключае аўтамабілі і аўтакампаненты, электроніку і тэлекамунікацыйнае абсталяванне (мабільныя тэлефоны, прылады перадачы даных), абсталяванне, палімеры, сінтэтычныя тканіны, парфумерыю, касметыку і яшчэ шэраг тавараў. Пры гэтым ААЭ могуць выступаць лагістычным і фінансавым хабам для беларускіх кампаній для выхаду на рынкі краін Персідскага заліва, Блізкага Усходу, Паўднёвай Азіі і Афрыкі (уключаючы рээкспарт нашай прадукцыі), а беларускія партнёры могуць стаць для арабскіх суб’ектаў гаспадарання цэнтрам дыстрыбуцыі на прасторы ЕАЭС.

Турцыя ўваходзіць у топ-10 ключавых гандлёвых партнёраў Беларусі. 

У І квартале 2026 года тавараабарот вырас на 15 % год да году, пры гэтым экспарт Беларусі ў Турцыю — на 7 %. Падчас пасяджэння Беларуска-турэцкага савета дзелавога супрацоўніцтва ў Стамбуле (16 красавіка 2026 года) падпісаны камерцыйныя кантракты на суму 40 мільёнаў долараў. Дзейнічае бязвізавы рэжым для грамадзян абедзвюх краін (да 30 дзён), ганаровыя консулы Беларусі прызначаны ў сямі рэгіёнах Турцыі.

Асноўны экспарт Беларусі ў Турцыю традыцыйна складаюць калійныя ўгнаенні, прадукцыя нафтахіміі і металургіі. У ліку новых перспектыўных кірункаў называюцца піламатэрыялы, мяса-малочная прадукцыя, ільняное валакно, кармавыя дабаўкі, цукар, рапсавы алей. З боку Турцыі цікавасць уяўляюць пастаўкі ў Беларусь запчастак і камплектуючых для абсталявання, прамысловай хіміі, палімераў, баваўнянай пражы, каляровых металаў. У Беларусі працуюць 147 кампаній з турэцкім капіталам, у Турцыі — 117 суб’ектаў гаспадарання з беларускім. На Беларускай універсальнай таварнай біржы акрэдытаваныя звыш 100 турэцкіх кампаній

Асноўныя пацверджаныя таварныя групы з рэальным попытам у Турцыі — калійныя ўгнаенні (лідзіруючая пазіцыя), трактары (патэнцыял машынабудавання) і хвойная драўніна. Самы высокі попыт на турэцкім рынку ў цэлым назіраецца на легкавыя аўтамабілі, таксама там сфарміраваны значны попыт на хімічную прадукцыю (фталевы ангідрыд, поліаміды, нітрат калію, мачавіну), прадукцыю дрэваапрацоўкі і цэлюлозу (драўняную масу, фанеру, ДВП), сельскагаспадарчую прадукцыю (перш за ўсё — рапсавы алей, бурачную патаку), электрычныя праваднікі, жалезны і стальны дрот, аўтакампаненты.

Сумесная вытворчасць (асабліва ў машынабудаванні, хіміі і сельскай гаспадарцы) — стратэгічны кірунак, які дазваляе Турцыі выкарыстоўваць Беларусь як вытворчую пляцоўку з доступам на рынак ЕАЭС, а Беларусі — дыверсіфікаваць збыт праз партнёрскія сеткі Турцыі на рынкі трэціх краін. Аднак, як лічаць эксперты, для актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва неабходна выбудаваць больш надзейную і стабільную сістэму двухбаковых разлікаў.

Абедзве краіны, безумоўна, уяўляюць для беларускага бізнесу цікавасць для стратэгічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў якасці выкарыстання ўзаемных магчымасцяў для выхаду на рынкі трэціх дзяржаў.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю