Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка падпісаў указ № 393 «Аб гандлі маркіраванымі ювелірнымі вырабамі». Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакумент прадугледжвае, што беларускія суб’екты гаспадарання, якія працуюць на ювелірным рынку, атрымаюць права гандляваць айчыннымі ювелірнымі вырабамі дыстанцыйна, праз інтэрнэт, пры ўмове іх маркіроўкі сродкамі ідэнтыфікацыі.
Указ дасць магчымасць вытворцам ювелірных вырабаў павялічыць сваю прысутнасць на ўнутраным рынку і павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, прыцягваючы шырэйшае кола спажыўцоў.
Як паведамлялася, раней дазвол на такі гандаль ювелірнымі вырабамі ўстанаўліваўся ўказамі Прэзідэнта на пэўны тэрмін. Напрыклад, папярэдні дазвол быў прадугледжаны ўказам ад 10 лютага 2025 года № 52. Цяпер часовыя абмежаванні зняты, і дазвол будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове.