Асноўныя палажэнні пастановы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ад 22 снежня 2025 года № 38 уступілі ў сілу. БелТА нагадвае, у чым сутнасць дакумента.
Згодна з пастановай, пачатковы аб’ём паслуг перадачы даных без абмежавання хуткасці ўстаноўлены ў памеры 30 Гб у месяц на безлімітных тарыфных планах. Калі пачатковы аб’ём зрасходаваны, то хуткасць перадачы даных па напрамку да абанента павінна быць зніжана да ўзроўню 1 Мбіт/с.
У двух словах: аператар абавязаны даць 30 Гб на максімальнай хуткасці, а пасля іх вычарпання хуткасць зніжаецца, але не ніжэй за гарантаваны парог у 1 Мбіт/с. Раней на безліміце маглі рэзаць да 256 Кбіт/с, калі нават надвор’е не грузіцца, зараз гэта абарона правоў спажыўца, каб паслуга рэальна працавала. Калі хочацца захаваць поўную хуткасць пасля 30 Гб, аператары могуць прапаноўваць дадатковыя аб’ёмы трафіку або перыяды аказання паслуг на безлімітнай хуткасці. Своеасаблівая «турбакнопка».
1 Мбіт/с — гэта многа ці мала? На такой хуткасці мнсннджары накшталт Telegram і WhatsApp лётаюць, музыка ў Spotify або Yandex Music грае стабільна, стужкі сацсетак загружаюцца, фота проста крыху даўжэй, а YouTube можна глядзець у 360p або 480p на тэлефоне. Не пацягне толькі 4k-відэа, Full HD або цяжкія анлайн-гульні.
Па словах міністра сувязі і інфарматызацыі Кірыла Залескага, новаўвядзенні закрануць не больш за 15 % абанентаў — тых, хто спажывае празмерна шмат трафіку, літаральна тэрабайтамі.
Мабільныя аператары ўжо прывялі свае тарыфы ў адпаведнасць з пастановай і праінфармавалі абанентаў аб абнаўленні тарыфных планаў, якія прадугледжваюць безлімітны інтэрнэт. Пры гэтым абанентам тарыфаў, на якія распаўсюджваецца пастанова, прапануюць рашэнні для камфортных умоў абслугоўвання: А1 — новую паслугу, МТС — дадатковыя опцыі, Life — бонус.