З 1 верасня ў Гомельскім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы прыступілі да навучання па абсалютна новай для Беларусі спецыяльнасці. Тут будуць рыхтаваць тэхнікаў-тэхнолагаў па спецыялізацыі «Эксплуатацыя і абслугоўванне нафтавых і газавых радовішчаў».
Гомельскі хіміка-тэхналагічны каледж стаў адзінай у Беларусі ўстановай сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе з гэтага года можна асвоіць такую прафесію. Для сістэмы падрыхтоўкі кадраў нафтагазавай галіны гэта новы фармат узаемадзеяння ўстановы адукацыі і вытворчасці. Падрыхтоўка будучых спецыялістаў стала вынікам супрацоўніцтва каледжа і кампаніі «Беларуснафта».
Тэрмін навучання складзе 2 гады 10 месяцаў. Сярод кваліфікацый, якімі змогуць авалодаць навучэнцы, — другі памочнік бурыльшчыка, памочнік бурыльшчыка падземнага і капітальнага рамонту свідравін, слесар-рамонтнік.
Падаваць дакументы на навучанне змаглі толькі выпускнікі 11-х класаў, а залічэнне праводзілася па конкурсе сярэдняга бала атэстата. На старце прыёмнай кампаніі было пададзена 70 заяў на 28 выніковых месцаў. Так, прахадны бал на новую спецыяльнасць склаў 8,5, а найвышэйшы сярэдні бал атэстата сярод абітурыентаў дасягнуў 9,3.
Як адзначыў дырэктар Гомельскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Аляксандр ГОРЛЕНКА, адкрыццё новай спецыяльнасці — вельмі адказны крок і новы этап развіцця для навучальнай установы:
— Гэта іншы ўзровень ведаў, новыя тэхналогіі і метады. Безумоўна, навучанне па гэтым кірунку пазітыўна адлюструецца і на навучальным працэсе па іншых спецыяльнасцях. Прафесія спецыфічная, арыентаваная выключна на «Беларуснафту», таму практычна ўсе выпускнікі будуць размеркаваны ў розныя структурныя падраздзяленні кампаніі.
Геаграфія навучэнцаў — будучых маладых спецыялістаў — шырокая. У асноўным сюды прыехалі вучыцца юнакі з цэнтральнай часткі Гомельскай вобласці — Хойніцкага, Жлобінскага, Рэчыцкага, Светлагорскага і Гомельскага раёнаў, але ёсць і прадстаўнікі Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. Навучаць іх будуць як штатныя педагогі каледжа, так і дзеючы інжынерны склад дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Беларуснафта».
Вельмі важна, што падрыхтоўка па новай спецыяльнасці будзе праходзіць не толькі ў навучальных аўдыторыях. Значную частку заняткаў арганізуюць непасрэдна на аб’ектах «Беларуснафты». У праграму навучання ўключана сувязь з рэальнымі вытворчымі аб’ектамі і спецыялістамі, якія працуюць у нафтагазавай галіне.
Для якаснай тэарэтычнай падрыхтоўкі пры падтрымцы дзяржаўнага вытворчага аб’яднання ў каледжы абсталяваны сучасны спецыялізаваны клас. У цырымоніі яго адкрыцця ўдзельнічаў генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Беларуснафта» Аляксандр ЛЯХАЎ:
— З 2029 года мы пачнём атрымліваць першых тэхнікаў-тэхнолагаў. Спачатку яны будуць працаваць па рабочых спецыяльнасцях, а затым, хутчэй за ўсё, стануць лінейнымі кіраўнікамі — узначаляць брыгады і ўчасткі. Па сутнасці, мы аднаўляем традыцыю падрыхтоўкі нашых спецыялістаў, вядомую яшчэ з савецкіх часоў.
Кіраўнік кампаніі звярнуў увагу на максімальна практыка-арыентаваную падрыхтоўку будучых маладых спецыялістаў:
— Наша галоўная задача — каб навучэнцы каледжа адразу замацоўвалі свае веды ва ўмовах рэальнай вытворчасці. Яны павінны бачыць на свае вочы, як здабываецца нафта, як будуюцца свідравіны. Таму аб’екты «Беларуснафты» ў той ці іншай ступені будуць прадастаўлены для навучальнага працэсу. У апошнія гады ў нас ужо выбудавана дакладная адукацыйная сістэма. Мы працуем з 51-й гімназіяй Гомеля, Рэчыцкім ліцэем, з гомельскімі ВНУ — ГДТУ імя Сухога і ГДУ імя Скарыны, якія рыхтуюць для нас горных інжынераў і геолагаў. Адкрыццё новай спецыяльнасці ў каледжы — гэта завяршэнне фарміравання таго ланцужка ведаў, які неабходны нашай кампаніі.
Як падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан СМІРНОЎ, адкрыццё навучання па абсалютна новай для Беларусі спецыяльнасці на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — унікальны вопыт для развіцця сістэмы адукацыі Гомельшчыны. На працягу года была распрацавана і аформлена ўся неабходная дакументацыя, унесена ў рэестры спецыялізацыя свідроўшчыка і тэхніка па абслугоўванні свідравальных установак.
— Гэта не першы прыклад супрацоўніцтва ўстановы адукацыі і вытворчых прадпрыемстваў. Мы адкрываем ужо чацвёрты падобны клас. Вопыт вельмі добры. Заклікаю ўсе прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гомеля і Гомельскай вобласці, пільна паглядзець на нашы ўстановы прафтэхадукацыі. Мы можам забяспечыць падрыхтоўку па любой спецыяльнасці па заяўцы адміністрацыі профільнага прадпрыемства, — падкрэсліў Руслан Смірноў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА