2 мая ў сценах тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска было асабліва шматлюдна. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі тут ушаноўвалі ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. Для іх было арганізавана святочнае чаяванне з выступленнямі маладзёжных калектываў. Пятнаццаці сведкам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны віцэ-прэм’ер Уладзімір Каранік і міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі медалі «80 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» і матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі.
Ёсць падзеі, значэнне і веліч якіх не цьмянее, нягледзячы на ход часу. І, колькі б дзесяцігоддзяў ні прайшло, мы заўсёды павінны памятаць пра Перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, таму што значэнне гэтай падзеі вельмі цяжка пераацаніць. Аб гэтым заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Каранік: «Мы павінны памятаць і выказваць словы падзякі тым, хто, нягледзячы на ўсе цяжкасці, выстаяў і перамог, аказваць падтрымку тым, чыё дзяцінства і юнацтва апаліла вайнaа. Нягледзячы на гэта, яны прайшлі праз усе цяжкасці, не азлобіліся, удзельнічалі ў аднаўленні краіны, фактычна паднялі яе з руін, перадалі вопыт наступным пакаленням. Наш маральны абавязак — клапаціцца пра тых, хто перамог у той вайне, хто вярнуў нам свабоду і права жыць на сваёй зямлі».
Намеснік Прэм’ер-міністра падкрэсліў важнасць захавання памяці аб Вялікай Перамозе: «Мы абавязаны зрабіць усё для таго, каб памяць перадавалася з пакалення ў пакаленне, жыла ў вяках, таму што менавіта пакаленне пераможцаў стварыла той трывалы падмурак, абапіраючыся на які мы сёння будуем сваю незалежную і свабодную дзяржаву». Юбілей Вялікай Перамогі, паводле слоў Уладзіміра Караніка, — гэта выдатная нагода яшчэ раз сказаць словы падзякі ветэранам той страшнай вайны, сказаць, што мы ганарымся іх подзвігам, памятаем яго і ніколі не забудзем пра тое, праз што ім давялося прайсці.
Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што дзяржава памятае пра ветэранаў, клапоціцца пра іх: «Са свайго боку мы зробім усё, каб забяспечыць медыцынскае назіранне, своечасовую медыцынскую дапамогу, будзем і далей вырашаць вашы сацыяльныя пытанні. Напэўна, гэта самае малое з таго, што мы можам зрабіць у знак падзякі за той подзвіг, які здзейснілі вы і ўвесь беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны». Уладзімір Каранік пажадаў ветэранам як мага даўжэй заставацца побач са спадчыннікамі сваіх подзвігаў і сустракаць яшчэ неаднойчы юбілей Вялікай Перамогі.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка падчас мерапрыемства абвясціла цэнтралізаваны старт выдачы выплат, матэрыяльнай дапамогі да Дня Перамогі розным катэгорыям ветэранаў: «Рашэнне ўрада прынята. І дазвольце ў гэтай зале пачаць урачыстую місію чарговы раз».
Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Ефрасіння Базылева падзялілася ўспамінамі аб сваім нялёгкім дзяцінстве падчас акупацыі Магілёва: «У нашай сям’і было 9 чалавек, і я самая малодшая. І ўсе мы як адзін падняліся на абарону нашай роднай Беларусі. Мая старэйшая сястра Вера была падпольшчыцай, працавала на чыгуначнай станцыі. Мяне, 13-гадовую дзяўчынку, прызначылі ў сувязісткі. Я добра ведала горад, бегала і перадавала розныя звесткі для партызан. Летам лістоўкі мне ўшывалі ў куртку, зімой хавалі ў валёнкі, і я з усёй адказнасцю выконвала пастаўленыя задачы...»
У 1943 годзе, успамінае Ефрасіння Базылева, сястру-падпольшчыцу арыштавалі фашысты: «Яны вельмі доўга тады катавалі яе, але яна не сказала ні слова. Ледзь жывую яе выкінулі з машыны і расстралялі. Калі б пад рукой у мяне тады была вінтоўка... Але, нягледзячы на ўсе страты і цяжкасці, мы працягвалі змагацца, набліжаючы запаветны Дзень Перамогі для таго, каб наступныя пакаленні жылі ў міры і ніколі не зведалі страшнага слова «вайна».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА