Top.Mail.Ru

У Беларусі пачынае дзейнічаць нераставая забарона

Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь традыцыйна праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Нераст». У гэты перыяд узмоцнены кантроль за воднымі аб’ектамі, актывізуецца ўзаемадзеянне з іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі. Асноўныя задачы — прадухіленне парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства і недапушчэнне выкарыстання браканьерскіх прылад лоўлі.


Нератавые забароны ў Беларусі — гэта важная мера, накіраваная на захаванне рыбных рэсурсаў і падтрыманне экалагічнага балансу. Захаванне гэтых правіл дае магчымасць забяспечыць устойлівае развіццё рыбалоўства і захаваць прыроду для будучых пакаленняў. Трэба памятаць, што кожны рыбалоў нясе адказнасць за захаванне водных багаццяў, і захаванне нкераставых забарон — гэта не толькі закон, але і абавязак перад прыродай.

Тэрміны і правілы нераставай забароны

У 2025 годзе, як і ў папярэднія гады, нераставая забарона будзе дзейнічаць у залежнасці ад рэгіёна.

З 20 сакавіка па 18 мая абмежаванні на аматарскае рыбалоўства ўводзяцца ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, з 1 красавіка па 30 мая — у Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях, а ў Віцебскай вобласці забарона будзе дзейнічаць з 10 красавіка па 8 чэрвеня. У гэты перыяд аматарскае рыбалоўства дазваляецца толькі адной вудай з адным кручком або адным спінінгам, аснашчаным адной штучнай прыманкай, якая мае не больш за два адзінарныя ці двойныя або трайныя кручкі, у светлы час сутак з берага (без заходу ў ваду), а таксама з лёду або штучных збудаванняў.

Рыбаловам дазваляецца выкарыстанне падсачака для ўздыму з вады рыбы, вылаўленай вудай або спінінгам.

Аматарскае рыбалоўства з выкарыстаннем іншых прылад лоўлі, а таксама прамысловая лоўля ў гэты перыяд строга забароненыя. Парушэнне гэтых правілаў прыводзіць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 16.25 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Штраф для грамадзян можа скласці ад 10 да 30 базавых велічыняў. Акрамя таго, за незаконны вылаў рыбы ў перыяд забароны прадугледжана кампенсацыя шкоды навакольнаму асяроддзю ў трайным памеры за кожную канфіскаваную асобіну. У выпадку прычынення шкоды на суму ад 100 базавых велічынь надыходзіць крымінальная адказнасць.

Абмежаванні на выкарыстанне суднаў

У перыяд нерасту таксама забаронена выкарыстанне суднаў на вадаёмах. Выключэнне складаюць выпадкі, калі судны выкарыстоўваюцца для гаспадарчых, транспартных, спартыўных або турыстычных мэт, але толькі пры наяўнасці спецыяльнага дазволу, выдадзенага раённым або гарадскім выканаўчым камітэтам. Парушэнне гэтага правіла цягне штраф да 10 базавых велічыняў для фізічных асоб і да 50 базавых велічынь для юрыдычных асоб.

Ахоўныя мерапрыемствы

У гэты перыяд таксама асаблівая ўвага будзе надавацца захоўванню забароненых прылад рыбалоўства. Захоўванне такіх прылад цягне адміністрацыйную адказнасць па артыкуле 16.26 КаАП Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае штраф да 30 базавых велічыняў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння. Аднак грамадзяне, якія добраахвотна здалі забароненыя прылады лоўлі, вызваляюцца ад адказнасці. Дзяржаўная інспекцыя заклікае ўсіх рыбаловаў адмовіцца ад выкарыстання сетак і іншых забароненых сродкаў, а таксама здаць іх у тэрытарыяльныя падраздзяленні інспекцыі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю