Top.Mail.Ru
69

У Беларусі падтрымка шматдзетных сем'яў застаецца адным з прыярытэтных кірункаў сацыяльнай палітыкі

Вялікая адказнасць і штодзённая праца

Заслужанае прызнанне

Маі — 30 гадоў. Яна выхоўвае пяцёра дзяцей: Лізавету, Валерыю, Яраслава, Эмілію і маленькую Аляксандру. Выхоўвае, так здарылася, адна. Але гэта не зламала яе веру ў тое, што дзеці — найвялікшае шчасце. 

Жанчына прызнаецца, што навіна пра ўзнагароду стала для яе нечаканасцю:

— Не магу сказаць, што гэта ордэн за подзвігі. Але вельмі прыемна адчуваць сваю значнасць як жанчыны і маці — перад сабой, перад людзьмі.

Калі Мая даведалася, што яе ўзнагародзілі ордэнам, яе захліснулі шчырыя і моцныя эмоцыі: ад хвалявання да адчування заслужанага прызнання.

Цырымонія праходзіла ў пружанскім Доме культуры ў святочнай атмасферы. Узнагароду Маі ўручыў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Словы падзякі жанчыне-маці гучалі асабліва цёпла. Падтрымаць яе прыйшлі не толькі родныя, але і калегі. Мая працуе страхавым агентам у «Белдзяржстраху», і, нягледзячы на дэкрэтны адпачынак супрацоўніцы, кіраўніцтва знайшло магчымасць асабіста павіншаваць яе.

— Вельмі прыемна адчуваць, што цябе цэняць, — гаворыць яна. — Пасля доўгага перапынку ты вернешся да працы з пэўным хваляваннем, і такое стаўленне сапраўды сагравае.

Адчувальная дапамога

Асобную ролю ў жыцці сям'і адыгрывае дзяржаўная падтрымка. Менавіта яна, па словах Маі, стала ключавой у вырашэнні жыллёвага пытання. Спачатку сям'я, ужо маючы трох дзяцей, з дапамогай субсідый пабудавала кватэру. Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці з'явілася магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы — гэтым разам выбар быў зроблены на карысць дома. Дапамаглі як дзяржаўныя субсідыі, так і сямейны капітал, што даецца пасля нараджэння трэцяга дзіцяці.


— Гэта вельмі адчувальная падтрымка. Калі параўноўваць з тым, як жылі нашы бацькі, — розніца вялікая, — падкрэслівае Мая.

Не менш важнымі з'яўляюцца і штодзённыя формы дапамогі: частковая аплата дзіцячага 

сада, бясплатнае наведванне гурткоў, у тым ліку ў музычнай школе, а таксама падтрымка пры падрыхтоўцы дзяцей да школы. А школьнікаў у сям'і Юрчанка трое — яны вучацца ў восьмым, пятым і другім класах, прычым годна, актыўна развіваюцца. Акрамя таго, дзве старэйшыя дзяўчынкі асвойваюць ігру на скрыпцы, сын займаецца хакеем. Малодшыя пакуль наведваюць дзіцячы сад.

Шмат аддаеш, але атрымліваеш значна больш

Сямейнае жыццё трымаецца не толькі на клопаце, але і на традыцыях. Найважнейшая у сям'і Юрчанка — сумеснае наведванне царквы кожную нядзелю.

— Там мы шмат чуем пра сямейныя каштоўнасці, адносіны паміж людзьмі. Для нас гэта вельмі важна, — кажа Мая.

Разам з тым яна прызнае: выхаванне пяцярых дзяцей — вялікая адказнасць і штодзённая праца. Галоўнае, што прыйшло з вопытам, — уменне чуць кожнае дзіця і ўспрымаць яго як асобу.

— Нельга ўсіх ставіць у адны рамкі. Усе дзеці розныя, і да кожнага патрэбны свой падыход, — лічыць Мая.

Сярод галоўных каштоўнасцяў, якія жанчына імкнецца перадаць дзецям, — шчырасць, павага да старэйшых, любоў да бліжніх і ўменне быць добрым чалавекам.

Нягледзячы на стомленасць, якая, зразумела, час ад часу прысутнічае, галоўнай крыніцай сіл для Маі застаецца любоў:

— Самы просты спосаб адчуць сілу — абняць дзіця. У гэтым уся сутнасць.

Гаворачы пра мацярынства, яна не хавае: гэта шлях, які патрабуе аддачы, але дорыць значна больш.

— Не трэба баяцца. Так, жыццё мяняецца, але разам з гэтым прыходзяць новыя пачуцці і новы сэнс, — звяртаецца Мая да тых, хто толькі пачынае гэты шлях.

Бо, як яна лічыць, галоўнае шчасце маці ў тым, каб бачыць, як растуць дзеці, як развіваецца жыццё, якое калісьці падарыла свету.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота з архіва Маі ЮРЧАНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю