У нашай краіне назіраецца паступовы рост распаўсюджанасці эндакрынных захворванняў. Каля 9,5 % беларусаў маюць тую ці іншую эндакрынную паталогію. Часцей за ўсё сустракаецца, як і ва ўсім свеце, цукровы дыябет ІІ тыпу і хваробы шчытападобнай залозы.
Развіваецца гадамі і можа быць нераспазнаным
Больш за 5 % дарослага насельніцтва хварэе на цукровы дыябет. Пры гэтым яшчэ гадоў дзесяць таму паказчык быў на ўзроўні 3,3-3,5 %. Як адзначыла намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, галоўны пазаштатны дарослы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Вольга САЛКО, цукровы дыябет развіваецца гадамі і доўгі час застаецца нераспазнаным. З улікам агульнасусветнай тэндэнцыі, якая характарызуе недавыяўленне цукровага дыябету ІІ тыпу, у Беларусі ўжо шмат гадоў праводзяцца мерапрыемствы па раннім актыўным распазнаванні дыябету.
— Ёсць сітуацыі, калі пацыент ужо мае цукровы дыябет. Але, на жаль, ён не ведае аб наяўнасці свайго захворвання. Першапачатковым мерапрыемствам аказання дыябеталагічнай дапамогі з’яўляецца, зразумела, ранняе выяўленне, — падкрэсліла Вольга Салко. — Шмат гадоў мы праводзім розныя акцыі па распазнаванні цукровага дыябету, інфармаванні насельніцтва. Павелічэнне распаўсюджанасці дыябету сведчыць аб тым, што наша работа прыносіць пэўны плён. Вялікая ўвага дзяржавы, Міністэрства аховы здароўя ўдзяляецца паляпшэнню аказання дапамогі менавіта гэтай катэгорыі пацыентаў.
Так, апошнія пяць гадоў праходзілі пад знакам паляпшэння аказання дапамогі пацыентам з І тыпам цукровага дыябету. Удасканальвалася работа школ дыябету, пашыраліся магчымасці ацэнкі кампенсацыі «салодкай хваробы» і самае галоўнае — змяняліся падыходы да лекавага забеспячэння.
Уласная вытворчасць інсуліну
У краіне рэалізуецца канцэпцыя інсулінатэрапіі. Яе сутнасць — у змене падыходаў да забеспячэння інсулінам розных катэгорый пацыентаў. Сёння практычна ўсе дзеці выкарыстоўваюць яго аналагі, амаль усе пацыенты з І тыпам дыябету — генна-інжынерныя інсуліны толькі ў картрыджах. Пэўная частка дыябетыкаў сёлета таксама будзе пераведзена на выкарыстанне аналагаў. Да канца года ўсе пацыенты з дыябетам ІІ тыпу пяройдуць на выкарыстанне генна-інжынернага інсуліну ў картрыджах.
У гэтым сур’ёзную дапамогу аказваюць беларускія вытворцы, у прыватнасці РУП «Белмедпрэпараты». Прадпрыемства асвоіла вытворчасць генна-інжынерных інсулінаў у картрыджах, што значна палягчае аказанне дапамогі пацыентам.
Важны момант кантролю дыябету — пашырэнне магчымасці манітарыравання глікеміі ў хворых. Гаворка ідзе не толькі аб выкарыстанні звыклых глюкометраў, але і аб бесперапынным маніторынгу. З’явіліся новыя зарэгістраваныя сістэмы, якія могуць выкарыстоўвацца пацыентамі.
Дзяржава ўдзяляе дастаткова вялікую ўвагу лекаваму забеспячэнню пацыентаў з так званай рэдкай эндакрыннай паталогіяй. Сярод іх — паталогія гіпофіза, наднырачнікаў, рэпрадуктыўнай сістэмы.
— Усё больш мы выяўляем людзей з дэфіцытам гармону росту, з дачаснай палавой спеласцю. Міністэрствам аховы здароўя закупляюцца даволі дарагія лекавыя сродкі, якімі забяспечаны ўсе, хто мае патрэбу, — дадала Вольга Салко, падкрэсліўшы, што з пашырэннем эндакрыналагічнай службы пацыентам удзяляецца сур’ёзная ўвага, а аказанне дапамогі з кожным годам паляпшаецца.
Дзецям — толькі аналагавыя інсуліны
Што датычыцца эндакрыналагічнай паталогіі ў дзяцей, тут дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка СОЛНЦАВА вылучыла некалькі груп захворванняў. Першая — найбольш распаўсюджаныя захворванні шчытападобнай залозы. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што ў краіне з 1991 года паспяхова праводзіцца рэспубліканскі неанатальны скрынінг на прыроджаны гіпатырэёз. Гэта дае свае вынікі.
— У нас няма выпадкаў, калі прыроджаны гіпатырэёз выяўляецца ў дзяцей па-за скрынінгам. Такая дзейнасць прадухіляе цяжкую інвалідызацыю пацыентаў. Усе дзеці развіваюцца абсалютна нармальна як фізічна, так і ментальна, і гэта вельмі важнае дасягненне, — падкрэсліла галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг. Адметна, што ў цэлым колькасць упершыню выяўленых пацыентаў з гіпатырэёзам на працягу апошніх гадоў зніжаецца.
Другая група захворванняў — так званыя сацыяльна значныя паталогіі, у тым ліку аўтаімунны цукровы дыябет (тып, які найбольш часта сустракаецца ў дзяцей). На дыспансерным уліку на пачатак года ў дзіцячых эндакрынолагаў знаходзілася больш за 3,3 тысячы дзяцей з аўтаімунным цукровым дыябетам, 29 дзяцей з ІІ тыпам дыябету, яшчэ 119 пацыентаў з так званым неўдакладненым ці ІІІ тыпам «салодкай хваробы». Паказчык захваральнасці дзяцей на І тып цукровага дыябету на працягу апошніх трох гадоў застаецца стабільным: у сярэднім штогод выяўляецца 400–450 выпадкаў.
Дзеці з дыябетам поўнасцю забяспечаны ўсім неабходным — сродкамі ўвядзення, самакантролю і інсулінамі. Усе яны атрымліваюць аналагавыя інсуліны, і гэта вельмі важнае дасягненне аховы здароўя краіны, падкрэслівае Анжаліка Солнцава. Выкарыстанне сучасных інсулінаў, а таксама магчымасць якаснага манітарыравання глюкозы дазваляюць пацыентам больш дакладна кантраляваць сваё захворванне.