Безумоўна, ніводнае правапарушэнне не павінна сыходзіць з рук. Правініўся — адказвай. Па законе. І гэта, згадзіцеся, справядліва. Аднак выключна карныя меры — не панацэя ад такога роду «захворванняў». Тут, як і ў медыцыне, значна важней іх прадухіляць. І нашы заканадаўчыя нормы рэгулярна карэкціруюцца менавіта ў гэтым кірунку. Наглядны прыклад — Закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці», які ўступіў у сілу 19 чэрвеня.
Перш за ўсё — папярэдзіць
Работа над абнаўленнем Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях вялася з улікам актыўнага ўдзелу органаў, якія прымяняюць гэтыя нормы на практыцы, адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Аляксандр АМЕЛЬЯНЮК:
— Падмурак для гэтага быў закладзены яшчэ ў 2020–2021 гадах. За мінулыя пяць гадоў адбылося дастаткова шмат падзей, змянілася заканадаўства, быў прыняты шэраг нарматыўных актаў. І калі ўносіліся змяненні ў гэтым годзе, была падтрымана лінія, вызначаная пяць гадоў таму, — у аснову работы пакладзена прафілактыка. І цяпер відавочна, што стратэгію выбралі правільную.
Так, яшчэ ў 2021 годзе былі ўведзены меры выхаваўчага ўздзеяння ў адносінах да непаўналетніх, але на практыцы нярэдка ўзнікалі пытанні іх прымянення. Таму зараз у Працэсуальна-выканаўчым кодэксе з’явіўся новы раздзел, які рэгламентуе парадак прымянення гэтых мер.
— Тым самым мы пацвярджаем, што самае важнае — папярэдзіць правапарушэнні. І прыняць максімум мер, каб тыя, хто трапіў у поле зроку праваахоўных органаў, былі папярэджаны, мелі магчымасць змяніць свае паводзіны і ў будучыні ўжо не ўчыняць правапарушэнні. Гэта датычыцца ўсіх асоб, але асабліва непаўналетніх, — сказаў Аляксандр Амельянюк.
Змякчыць, спрасціць, сістэматызаваць
Адным з ключавых змяненняў адміністрацыйнага заканадаўства стала ўвядзенне ў яго магчымасці паглынання менш строгага пакарання больш строгім — інстытута, раней характэрнага для крымінальнага права. Да гэтага часу наша заканадаўства прадугледжвала толькі поўнае або частковае складанне адміністрацыйных пакаранняў пры здзяйсненні некалькіх праступкаў. Цяпер жа з’явілася магчымасць паглынання, і гэта, зразумела, змякчае адказнасць.
Акрамя таго, заканадаўствам устаноўлена, што вусныя заўвагі, папярэджанні, меры выхаваўчага ўздзеяння цяпер могуць прымяняцца толькі на працягу тэрміну накладання адміністрацыйнага пакарання, які за большасць правапарушэнняў складае два месяцы. Калі пасля двух месяцаў з моманту адміністрацыйнага правапарушэння не прынята працэсуальнае рашэнне, значыць ніякіх спагнанняў, прафілактычных мер уздзеяння не прымяняецца, растлумачыў начальнік кафедры адміністрацыйнай дзейнасці органаў унутраных спраў факультэта міліцыі і грамадскай бяспекі Акадэміі МУС палкоўнік міліцыі Сяргей ДАБРЫЯН:
— Кропкава мы пайшлі нават на зніжэнне памераў штрафаў. Напрыклад, калі раней за кіраванне транспартным сродкам пасля заканчэння тэрміну дзеяння вадзіцельскага пасведчання быў устаноўлены штраф у памеры ад пяці да дваццаці базавых велічынь, то цяпер — ад дзвюх да пяці. Больш за тое, такое правапарушэнне стала правіннасцю, і калі вадзіцель не ўсочыць, што тэрмін яго вадзіцельскага пасведчання скончыўся, то першы раз ён увогуле вызваляецца ад адміністрацыйнай адказнасці.
Паводле слоў Сяргея Дабрыяна, скарэкціравана і правіла накладання арышту на маёмасць:
— Цяпер ён накладаецца толькі на маёмасць асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. І толькі ў выключных выпадках ён можа быць накладзены на маёмасць іншых асоб, калі ў санкцыі артыкула прадугледжана канфіскацыя маёмасці незалежна ад права ўласнасці.
Яшчэ адно змяненне звязана з прыняццем у 2024 годзе Указа Прэзідэнта аб абарачэнні лічбавых знакаў і токенаў, згодна з якім усе здзелкі з імі павінны здзяйсняцца толькі праз рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. За парушэнне ўстаноўленага рэгламенту прадугледжана адказнасць у асобным артыкуле КаАП.
Таксама ўстаноўлена адказнасць за прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі. Унесены ў адміністрацыйнае заканадаўства і шэраг іншых змяненняў.
Аміна НАЗАРАВА