Гаворачы аб структуры інвестыцый у асноўны капітал у I квартале, першы намеснік міністра адзначыў, што прадпрыемствы сталі больш траціць сродкаў на набыццё тэхнікі, абсталявання, станкоў. Рэалізуюцца буйныя інвестыцыйныя праекты. У прыклад Андрэй Картун прывёў паэтапнае будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната, запуск аўтобуснай вытворчасці на МАЗ, мадэрнізацыю Слонімскага кардонна-папяровага завода «Альберцін» і інш.
Андрэй Картун нагадаў, што ў бягучым годзе працягваецца праграма «Адзін раён — адзін праект», якая ўключае звыш 200 ініцыятыў. Паралельна ў студзені запушчаны новы механізм падтрымкі — «Рэгіянальная ініцыятыва». Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў выступае ў якасці інтэгратара для збору і апрацоўкі заявак інвестараў.
Першы намеснік міністра адзначыў, што перагледжаны крытэрыі аказання падтрымкі. На яе зараз могуць разлічваць не толькі праекты вытворчай накіраванасці. «Мы стаўку зрабілі як раз на паслугі, перш за ўсё на турызм, — сказаў Андрэй Картун. — У нас у партфелі ўжо 30 праектаў, якія прайшлі адбор».
Як раней паведамлялася, пералік «Рэгіянальная ініцыятыва» фарміруецца на падставе заявак арганізацый, якія падаюцца на анлайн-пляцоўцы Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў.
Сярод крытэрыяў для ўключэння ў пералік інвестыцыйных праектаў вылучаюцца наступныя: арганізацыя-заяўнік з’яўляецца суб’ектам малога ці сярэдняга прадпрымальніцтва (унесена ў адпаведны рэестр) на дату падачы заяўкі, праект рэалізуецца на тэрыторыі рэгіёнаў (за выключэннем абласных цэнтраў і Мінска, а таксама прылеглых да іх тэрыторый). Такія праекты павінны забяспечваць стварэнне новых вытворчасцяў (цэхаў) або мадэрнізацыю (тэхнічнае пераўзбраенне, пашырэнне) існуючых альбо стварэнне камерцыйных аб’ектаў транспартна-лагістычнай інфраструктуры, турызму і адпачынку, медыцынскага абслугоўвання. Яшчэ адзін крытэр — стварэнне не менш за пяць новых працоўных месцаў або працаўладкаванне дадаткова не менш за пяць чалавек на існуючыя працоўныя месцы для новых вытворчасцяў (цэхаў). Таксама праекты павінны быць значнымі для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна (вобласці, раёна) з улікам галіновых асаблівасцей
Тэрмін разгляду заяўкі арганізацыі аб уключэнні ў пералік «рэгіянальная ініцыятыва» — не больш за 25 дзён з моманту яе падачы.