Top.Mail.Ru

У Беларусі плануецца ўвесці ў абарот каля 25 крыптавалют

Да сярэдзіны года ў Беларусі павінен пачаць работу крыптабанк. Кіраўнік дзяржавы 16 студзеня падпісаў указ № 19 «Аб крыптабанках і асобных пытаннях кантролю ў сферы лічбавых знакаў (токенаў)». Зараз вядзецца актыўная работа па фарміраванні нарматыўна-прававой базы і іншых мерапрыемстваў для рэалізацыі палажэнняў указа. Плануецца, што першы крыптабанк пачне функцыянаваць ужо сёлета. Навацыя павысіць інвестыцыйны патэнцыял Беларусі і пашырыць каналы фінансавага ўзаемадзеяння са знешнім контурам. 10 красавіка ў Нацыянальным банку прайшла рабочая нарада, на якой абмяркоўваліся правілы работы з крыптаактывамі. 


«Указ быў ініцыіраваны Нацбанкам. Ён не проста ішоў з улікам навізны пытання, і гэта на нас накладае дадатковую адказнасць за яго эфектыўную рэалізацыю», — адзначыў у пачатку пасяджэння старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка. 

Ён канстатаваў, што ўсе неабходныя рашэнні на ўзроўні Нацбанка і Сакратарыята Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій павінны быць прыняты да 2 ліпеня 2026 года. Да гэтай даты павінен быць вызначаны дакладны парадак практычных дзеянняў усіх падраздзяленняў Нацыянальнага банка па разглядзе адпаведных зваротаў аб уключэнні арганізацый у рэестр крыптабанкаў. «Мы паставілі гэту работу на планавую і, я б нават сказаў, мабілізацыйную аснову, распрацаваны канкрэтны, прадметны план нашых дзеянняў, за кожным з пытанняў замацаваны адпаведныя структурныя падраздзяленні», — сказаў Раман Галоўчанка.


«Але з улікам навізны і аб’ёму тых дакументаў, якія неабходна падрыхтаваць у развіццё ўказа, ёсць неабходнасць абмеркаваць тое, што застаецца не да канца ўрэгуляваным. Гэта для нас не вельмі традыцыйная мадэль, калі па адным пытанні ў нас фактычна два рэгулятары. Нам неабходна сінхранізаваць нашы дзеянні. Улічваючы важнасць пытання, сёння трэба зверыць гадзіннікі, яшчэ раз пераканацца ў тым, што мы ідзём у адпаведным тэмпе, які нам дазволіць выйсці на збалансаванае і выверанае рашэнне да той даты, якая вызначана ўказам», — пазначыў кіраўнік Нацбанка.

«Каля 60 % усіх мерапрыемстваў на ўзроўні Нацыянальнага банка зроблена ў той ці іншай форме — або ў форме праектаў, або ў форме ўжо зацверджаных актаў», — адзначыў першы намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў. Аднак ён дадаў: ёсць, вядома, ключавыя моманты, якія яшчэ трэба будзе абмеркаваць, прааналізаваць і зацвердзіць. Перш за ўсё, гэта пералік тых крыптавалют або крыптаактываў, з якімі крыптабанк зможа працаваць. Паводле слоў Аляксандра Ягорава, плануецца, што да абароту ў Беларусі будзе дапушчана каля 25 крыптавалют. Ён таксама запэўніў: прадугледжваецца, што гэты спіс можа аператыўна пашырацца або звужацца. Рынак крыптавалют і крыптаактываў вельмі дынамічны. На ім пастаянна з’яўляюцца новыя крыптавалюты і хутка набіраюць ліквіднасць. Таму прадугледжваецца, што Нацыянальны банк будзе мець магчымасць хутка рэагаваць на гнуткасць крыптарынку. «У сярэдзіне красавіка адбудзецца пасяджэнне Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій, дзе плануецца разгляд дакумента, які зацвердзіць правілы работы з крыптаактывамі, у тым ліку віды аперацый і віды крыптавалют», — сказаў Аляксандр Ягораў.


Важнае пытанне — правілы бухгалтарскага ўліку ў рамках крыптабанка. «Мы ўсё ж такі разглядаем крыптабанкі як банкі, якія будуць мець магчымасць ажыццяўляць здзелкі з крыптавалютамі. Адпаведна, бухгалтарскі ўлік будзе падобны на банкаўскі, але са сваімі нюансамі, перш за ўсё звязанымі з пераацэнкай крыптавалют. Таму што валацільнасць рынку крыптавалют ўсё ж такі вышэй за валацільнасць традыцыйных валютных рынкаў або рынкаў іншых актываў, і трэба будзе гэтыя нюансы ўлічыць», — адзначыў першы намеснік старшыні Праўлення Нацбанка.

Трэці важны аспект датычыцца неабходных прудэнцыяльных патрабаванняў да функцыянавання крыптабанкаў. «Тут мы будзем таксама абапірацца на тое, што ў нас ёсць у дачыненні да банкаў, і падыходзіць па такім жа прынцыпе. Крыптабанк — гэта банк, які будзе мець магчымасць працаваць з крыптавалютай. Адпаведна, і падыходы будуць аналагічныя звычайнай банкаўскай дзейнасці», — пазначыў Аляксандр Ягораў.


На нарадзе ў Нацбанку абмеркавалі рэалізацыю сумеснага плана падрыхтоўкі заканадаўчых актаў. «Мы зверылі гадзіннікі, то-бок што ўжо зроблена, што будзе зроблена, ці ёсць дзе-небудзь адставанне», — канстатаваў Аляксандр Ягораў.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю