У Беларусі ў 2026–2030 гадах плануецца штогод выконваць капрамонт не менш як 2,8 мільёна квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў. Аб гэтым заявіў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка, паведамляе SB.by.
Андрэй Рамашка адзначыў, што адным з ключавых інструментаў развіцця галіны — Стратэгія развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь да 2035 года. Яна прадугледжвае комплекс мер па мадэрнізацыі інфраструктуры, павышэнні якасці паслуг і стварэнні камфортнага асяроддзя для жыцця.
— У прыватнасці, у 2026–2030 гадах плануецца штогод выконваць капітальны рамонт не менш як 2,8 мільёна квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў, да 2035 года трэба замяніць каля 5 тысяч ліфтаў і адрамантаваць больш за 85 маставых збудаванняў, — сказаў намеснік міністра. — Таксама прадугледжаны штогадовы рамонт не менш за 2 працэнты прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў, 3,4 працэнта вулічна-дарожнай сеткі і не менш як 15 працэнтаў цеплавых сетак са звышнарматыўнымі тэрмінамі эксплуатацыі.
Асобны кірунак — абыходжанне з камунальнымі адходамі. Да канца 2035 года плануецца давесці ўзровень іх выкарыстання да 90 працэнтаў.
Стратэгія грунтуецца на комплексным падыходзе, які ўлічвае як сучасныя выклікі, так і перспектывы, падкрэсліў прадстаўнік МЖКГ.
— Важна, каб усе ініцыятывы былі накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця грамадзян, забеспячэнне экалагічнай устойлівасці і павышэнне эканамічнай эфектыўнасці, — дадаў Андрэй Рамашка. — Толькі ў гэтым выпадку можна чакаць значных змяненняў у сферы ЖКГ, якія будуць садзейнічаць стварэнню камфортнага і бяспечнага асяроддзя для будучых пакаленняў.