Top.Mail.Ru

У Беларусі плануюць увесці абавязковую сертыфікацыю для гасцініц

У Беларусі абмяркоўваецца праект указа, згодна з якім для гасцініц плануецца ўвесці абавязковую сертыфікацыю па сістэме «зорак». Пра гэта расказала начальнік аддзела сертыфікацыі паслуг БелДІСС Таццяна Смірнова ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны».

Па словах Таццяны Смірновай, праект указа прайшоў стадыі ўзгаднення і знаходзіцца ва ўрадзе. «Мы чакаем, якое будзе прынятае рашэнне. Абапіраемся на досвед Расіі, у іх праходзіць сертыфікацыю абавязкова, — адзначыла яна. — Калі сродак размяшчэння не адпавядае неабходным патрабаванням, орган па сертыфікацыі выпісвае неадпаведнасці і што неабходна зрабіць, каб атрымаць катэгорыю».

У праекце ўказа прадугледжана паэтапнае ўвядзенне. Плануецца, што да 1 студзеня 2028 года пройдуць сертыфікацыю буйныя гасцініцы з нумарным фондам звыш 70 нумароў, а да 1 студзеня 2029 года — тыя, у якіх менш за 70. «Мяркуецца, што працэс пройдзе бязбольна. Мы да гэтага рыхтаваліся не першы год», — дадала Таццяна Смірнова.

Таксама яна расказала, што сёння з парадку 600 гасцініц, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі, толькі 90 атрымалі афіцыйныя сертыфікаты адпаведнасці катэгорыям ад «без зорак» да «пяць зорак». З іх пяць зорак маюць пяць сродкаў размяшчэння, чатыры зоркі — 10, тры зоркі — 44, дзве зоркі — 10, без зорак — 12. Прайшлі сертыфікацыю таксама дзевяць хостэлаў. Азнаёміцца з афіцыйнай сертыфікацыяй гатэляў можна на сайце «якасць.бел», дзе ёсць укладка «сертыфікаваныя гатэлі Беларусі». Там можна паглядзець, якую катэгорыю мае той ці іншы гатэль, колькі дзейнічае сертыфікат і г. д.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю