Top.Mail.Ru

У Беларусі працягваецца штогадовая спецыяльная праграма «Мак»

Галоўная мэта праграмы, якая працягнецца да 15 верасня, — ліквідацыя наркасыравіннай базы расліннага паходжання. Работа вядзецца комплексна і на сістэмнай аснове. Удзел у ёй бяруць супрацоўнікі розных падраздзяленняў міліцыі, а таксама прадстаўнікі іншых праваахоўных органаў і грамадскіх фарміраванняў. 


Па інфармацыі МУС, толькі за чэрвень выяўлена і знішчана амаль 70 тон маку і канапель. За незаконную апрацоўку забароненых культур супрацоўнікамі органаў унутраных спраў складзена больш за 600 адміністрацыйных пратаколаў.

У Міністэрстве ўнутраных спраў нагадваюць: вырошчванне або захаванне на сваіх участках раслін, якія змяшчаюць наркатычныя рэчывы, цягне за сабой адказнасць, прадугледжаную заканадаўствам. Напрыклад, пры выяўленні незаконных насаджэнняў уладальніку ўчастка пагражае штраф у памеры да 20 базавых велічыняў. Калі ж апрацоўка такіх культур ажыццяўляецца з мэтай збыту, надыходзіць ужо крымінальная адказнасць, у тым ліку пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў.

— Грамадзяне, на чыіх участках растуць нарказмяшчальныя расліны, не толькі самі парушаюць закон, але і спрыяюць учыненню правапарушэнняў асобамі, якія спажываюць наркотыкі, — пракаменціраваў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Андрэй Кудрыцкі ў тэлеграм-канале МУС Беларусі. — Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання трэба добрасумленна ставіцца да апрацоўкі палёў, уважліва аглядаць усе падведамасныя землі, прымаць меры па знішчэнні і недапушчэнні вырастання дзікарослых нарказмяшчальных раслін. 

Пры выяўленні прарослых макавых парасткаў ці кустоў канапель на сваёй тэрыторыі неабходна неадкладна іх знішчыць, а аб месцах вырастання нарказмяшчальных раслін, любых фактах іх незаконнага абароту трэба паведамляць у міліцыю.

Аміна НАЗАРАВА

Фота УУС Гродзенскага аблвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю