У Беларусі пражывае больш за 570 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта паведаміла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, перадае БелТА.
Намеснік міністра адзначыла, што Дзень Перамогі — гэта свята, якое аб’ядноўвае пакаленні і напаўняе сэрцы падзякай, гонарам і светлай памяццю. «Сёння ў нас у краіне пражывае 574 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, з іх 269 — гэта ўдзельнікі і інваліды вайны — тыя, хто непасрэдна прымаў удзел у баявых дзеяннях у Чырвонай Арміі. Таксама гэта 146 працаўнікоў тылу, 156 блакаднікаў Ленінграда і тры ветэраны, якія працавалі на аб’ектах СПА, на будаўніцтве абарончых збудаванняў. Акрамя таго, 5,5 тыс. грамадзян нашай краіны прызнаныя пацярпелымі ад наступстваў вайны, 90% з іх — гэта былыя вязні канцэнтрацыйных лагераў. Таксама ёсць такая катэгорыя, як члены сем’яў загінулых вайскоўцаў», — расказала Марына Арцёменка.
Сярэдні ўзрост удзельнікаў вайны ў Беларусі складае 99 гадоў. Большасць з іх пражываюць у Мінску і Мінскай вобласці — гэта 93 і 49 чалавек адпаведна. Самаму маладому ўдзельніку 92 гады, самай узроставай удзельніцы нядаўна споўнілася 106 гадоў. Пражывае яна ў Мінску.
«Ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, якім ужо больш за 100 гадоў, у нас налічваецца 250 чалавек. Гэта фактычна 40% ад усіх доўгажыхароў у краіне. Усяго ў нас крыху больш за 600 чалавек, якія дасягнулі ўзросту 100 і больш гадоў. Нашы ветэраны валодаюць сакрэтамі даўгалецця, пра якія заўсёды расказваюць на сустрэчах. І гэта самадысцыпліна, пастаянны рух, сацыяльная актыўнасць, пазітыўнае мысленне, — увогуле ўсё тое, што дазваляе захоўваць бадзёрасць духу, розуму і цела», — падкрэсліла намеснік міністра.