Top.Mail.Ru

У Беларусі распрацавалі ўнікальную тэст-сiстэму для выяўлення алергенаў

Для малодшага навуковага супрацоўнiка Iнстытута бiяфiзiкi i клетачнай iнжынерыi НАН Беларусi Анастасii Давыдзенкi ўдзел у рабоце над ёй стаў першым сур’ёзным i вельмi натхняльным досведам.


— Мiкрачып для выяўлення алергенаў — гэта тонкая пракладка памерам 7,5 на 2,5 см, — распавядае аб вынаходнiцтве Анастасiя Давыдзенка. — На пракладцы ў выглядзе кружочкаў змяшчаецца 200 алергенаў. Для аналiзу на мiкрачып дастаткова капнуць кроплю сывараткi крывi пацыента. 

Калi ў ёй ёсць спецыфiчныя антыцелы, то яны звяжуцца з адпаведнымi алергенамi. А далей наносiм флуарэсцэнтны «праявiцель» i атрымлiваем малюнак з дапамогай лазернага сканера. Калi нейкi «кружочак» «свецiцца» — значыць, у крывi ёсць антыцелы да дадзенага алергена i, адпаведна, менавiта ён — прычына пакут пацыента.

Iдэя праекта па распрацоўцы такой тэст-сiстэмы належыць дырэктару iнстытута Андрэю Ганчарову. Рэалiзоўвалi праект з 2022 года супрацоўнiкi лабараторыi медыцынскай бiяфiзiкi, якую ўзначальвае Кацярына Шамава. Падбор найбольш актуальных для беларусаў алергенаў ажыццяўляўся пад кiраўнiцтвам урача-алерголага Антанiны Осiпавай. Пракладкi, на якiх вырабляецца мiкрачып, зроблены ў БДУIР.

Анастасiю Давыдзенку запрасiлi да супрацоўнiцтва крыху пазней, калi для правядзення даследаванняў спатрэбiўся хiмiк.

— На той момант я вучылася ў магiстратуры хiмфака БДУ, — успамiнае малады навуковец. — Адразу адгукнулася на прапанову — яна падалася вельмi прывабнай. З боку калег сустрэла выключна добразычлiвае стаўленне: усе дапамагалi, падтрымлiвалi, падказвалi. Не ўсё атрымалася ў нас адразу, але тым даражэйшым аказаўся вынiк iнтэнсiўнай двухгадовай працы.

Пакуль падобныя iмпартныя тэст-сiстэмы прапаноўваюцца ў Беларусi толькi ў камерцыйных лабараторыях, яны вельмi дарагiя. А скурныя пробы — значна больш працаёмкi метад дыягностыкi. Айчынныя вучоныя iмкнуцца зрабiць iнавацыйныя спосабы выяўлення алергенаў даступнымi для ўсiх беларусаў.

Перш чым трапiць ва ўстановы аховы здароўя, створаны ў Iнстытуце бiяфiзiкi i клетачнай iнжынерыi мiкрачып павiнен прайсцi яшчэ клiнiчныя выпрабаваннi, яго трэба зарэгiстраваць як выраб медыцынскага прызначэння. Але прызнанне сваёй працы навукоўцы ўжо адчуваюць.

— Мы прадстаўлялi нашу тэст-сiстэму ў рамках «Фестывалю навукi» ў вераснi мiнулага года ў Батанiчным садзе, — расказвае Анастасiя Давыдзенка. — Многiя наведвальнiкi з цiкавасцю распытвалi, калi i дзе можна зрабiць тэст. Памятаю, падыходзiць да нашага стэнда хлопчык: тлумачу яму, што гэта за вынаходнiцтва, для чаго яно. Выслухаўшы, ён бяжыць да жанчыны непадалёк ад нас i гучна крычыць: «Мама-мама, нам туды трэба!» Каштоўнасць нашай распрацоўкi зразумела нават дзiця.

Спосабам выяўлення алергенаў Анастасiя Давыдзенка збiраецца прысвяцiць i сваю кандыдацкую дысертацыю, над якой цяпер працуе.

— Мяне заўсёды прыцягвала навука, — прызнаецца суразмоўнiца. — У буднях вучонага няма руцiны, няма месца нудзе. Кожны праект — гэта новая задача, новыя даследаваннi, няхай маленькiя, але сапраўдныя адкрыццi. Назапашванне ведаў, азарт, якi ты пры гэтым адчуваеш, — самае прывабнае ў маёй прафесii. Гэта вельмi натхняе!

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю