Рэльефна-графічныя дапаможнікі для інвалідаў па зроку распрацоўваюць у РУП «Белкартаграфія», з’явіліся эксперыментальныя творы. З якімі цяжкасцямі пры гэтым сутыкаюцца спецыялісты, растлумачыла дырэктар прадпрыемства Іна Шлык, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
РУП «Белкартаграфія» рэгулярна асвойвае новыя напрамкі работы. Напрыклад, тактыльную картаграфію. «У нас распрацаваны тэхнічныя ўмовы па стварэнню рэльефна-графічных дапаможнікаў для інвалідаў па зроку, — расказвае кіраўнік РУП „Белкартаграфія“. — Ужо створаны шэраг эксперыментальных твораў. У іх ліку, напрыклад, тактыльная карта „Рэспубліка Беларусь. Фізічная карта“ маштабу 1:1 500 000, схема „Планеты сонечнай сістэмы“, атлас для 4-га класа „Чалавек і свет. Мая Радзіма Беларусь“. Вядуцца работы па іншых дапаможніках».
Дарэчы, выданні прайшлі адаптацыю ў спецыяльнай сталічнай агульнаадукацыйнай школе № 188 для дзяцей з парушэннем зроку, атрымаўшы станоўчую адзнаку.
«Гэты вектар, — пераканана Іна Шлык, — вельмі перспектыўны, хоць і існуюць цяжкасці ў стварэнні такога віду прадукцыі. На жаль, пакуль няма нейкіх апрабаваных методык, але мы будзем рухацца і ў гэтым напрамку. Запыт на тактыльную картаграфічную прадукцыю і забеспячэнне ёю навучальных устаноў у Беларусі ёсць. Мы разумеем, што гэта неабходна для стварэння безбар’ернага асяроддзя для вучняў з абмежаванымі магчымасцямі па зроку».
РУП «Белкартаграфія» працуе і над электроннымі сродкамі навучання (ЭСН). Паводле слоў дырэктара, у 2021-2024 гадах ствараліся ЭСН для ўстаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Завершаны работы па стварэнню ЭСН «Насельніцтва свету» і «Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў», вядуцца работы па ЭСН «Рэспубліка Беларусь. Фізічная карта». Увага надаецца і размяшчэнню ў навучальных выданнях QR-кодаў.
«Нягледзячы на малады ўзрост прадпрыемства, а ў мінулым годзе нам споўнілася 25 гадоў, мы стараемся пастаянна рухацца ў нагу з часам і не спыняцца ў развіцці, — падкрэсліла Іна Шлык. — Вывучаем вопыт калег блізкага і далёкага замежжа, прымаем удзел у міжнародных кніжных кірмашах і самыя цікавыя праекты і прапановы стараемся рэалізаваць у сябе. У нашым калектыве шмат ініцыятыўных супрацоўнікаў, ідэі якіх мы разам увасабляем у жыццё. Спецыялісты маркетынгу ўвесь час вывучаюць попыт. Картаграфічныя творы з дапоўненай рэальнасцю, 3D-панарамы, QR-коды робяць нашу прадукцыю цікавейшай і карыстаецца попытам».
Фота: РУП «Белкартаграфія»