Пасля адыходу глабальных агрэгатараў рынак браніравання ў Беларусі занялі ў асноўным расійскія платформы. Тым часам беларусам патрэбны свой зручны лічбавы сэрвіс. І айчынны «Booking» у краіне ствараюць. Пра гэта ў эфіры СТБ расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл Машарскі.
Як развіваюць беларускі «Booking»
Айчынны сэрвіс развіваецца на платформе «Разумны горад», расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл Машарскі. Назвы ў сэрвісу пакуль няма, затое ёсць дакладнае разуменне канцэпцыі.
«Гэта будзе сур’ёзная пашыраная ўкладка па турызме. У апошнія паўгода мы правялі маштабныя работы па інвентарызацыі турыстычных лакацый», — заявіў Машарскі.
З наступнага года, паводле яго слоў, сэрвіс паступова пачне працаваць. У працэсе дапрацоўкі ў ім з’явіцца інфармацыя пра гасцініцы і пункты грамадскага харчавання. Акрамя таго, ШІ-памочнік (штучны інтэлект) разлічыць час, каб дабрацца да лакацыі, а таксама падбярэ гатэль або рэстаран у любым цэнавым дыяпазоне.
Работы яшчэ шмат, падкрэсліў дырэктар Нацагенцтва па турызме, «але паступова адбудуем».