У Беларусі рыхтуюць дарожную карту развіцця супрацоўніцтва з Ліванам. Аб гэтым у навінным эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, паведамляе БелТА.
«Што датычыцца Лівана, Прэзідэнту даложаны ўсе напрацоўкі па візіту (размова аб нядаўнім візіце ў гэту краіну беларускай дэлегацыі на чале з Максімам Рыжанковым. — Заўв. БелТА). Пастаўлены канкрэтныя задачы. Мы падрыхтуем дарожную карту, якая ўжо ў рэжыме выканання», — сказаў міністр.
- Як паведамляла БелТА, Беларусь прапануе Лівану пастаўкі прадуктаў харчавання, тэхнікі і іншых тавараў, а сама ў тым ліку зацікаўлена выкарыстоўваць партовую інфраструктуру гэтай краіны.
Прэзідэнту Лівана было перададзена пасланне ад кіраўніка беларускай дзяржавы. У пасланні змяшчаецца прапанова развіваць па шэрагу напрамкаў значна больш глыбокія адносіны. Аляксандр Лукашэнка запрасіў Жазэфа Аўна наведаць Рэспубліку Беларусь для таго, каб на самым высокім узроўні абмеркаваць усе пытанні, якія могуць цікавіць бакі.