Асноўны этап жніва практычна завершаны, паказчыкі ўраджайнасці на 4,9 цэнтнера з гектара перавышаюць леташнія. Цешыць і ўраджайнасць лёну — было сабрана 172 тысячы тон ільнотрасты, што амаль на 13 цэнтнераў з гектара больш у параўнанні з 2024 годам. Дарэчы, 9-мільённы рубеж раней быў пераадолены ў 2012 і 2014 гадах.
- Доўгая засуха, праліўныя дажджы, нечаканыя замаразкі ці моцны вецер — якія толькі выпрабаванні надвор’ем не спрабавалі прымусіць беларусаў сур’ёзна перажываць за ўраджай. Але, дзякуючы граматнай і ўпартай рабоце аграрыяў, сёлета ўдалося пераадолець усе перашкоды. Так, добрымі тэмпамі ідзе ўборка кукурузы на сілас і зялёны корм — убрана 70 % плошчаў, або 707 тысяч гектараў. Працягваецца ўборка цукровых буракоў, ураджайнасць якіх склала 2 мільёны 886 тысяч тон караняплодаў. Паказчыкі ўжо вышэйшыя за леташнія на 52,1 цэнтнера з гектара. Бульбы сабрана 593 тысячы тон, а гародніны адкрытага грунту — 124 тысячы тон. Засеяныя плошчы складаюць больш за 8 тысяч гектараў, ужо ўбрана 68 %.
Дзяржаўны заказ па пастаўках харчовага збожжа выкананы практычна цалкам: пастаўлена 683 тысячы тон, што складае 98 % ад плана. Найбольшыя аб’ёмы збожжа сабралі аграрыі Мінскай вобласці — 2 мільёны 360 тысяч тон. Крыху саступае Гродзеншчына, якая намалаціла 1 мільён 857 тысяч тон, і Брэстчына — 1 мільён 860 тысяч тон. Сяўба азімых культур таксама рухаецца да завяршэння — палі засеяны на 1 мільён 439 тысяч гектараў, або 96 % запланаваных плошчаў. Брэсцкая і Мінская вобласці ўжо перавыканалі план, паказаўшы 102 і 100 % адпаведна. Ста працэнтамі ўжо можа ганарыцца і Гродзеншчына, а неўзабаве за ёй — і Магілёўшчына (на гэты момант у рэгіёне засеяна 96 % запланаванай пад азімыя збожжавыя плошчы). У сваю чаргу, Віцебская і Гомельская вобласці толькі набіраюць абароты пасяўных работ, выйшаўшы на 85 і 89 % плошчаў.
У цэлым вынікі ўборачнай кампаніі 2025 года дэманструюць устойлівую дынаміку росту па ўсіх асноўных культурах. На ўраджай паўплывала і цёплая восень мінулага года, і мяккая зіма, якая прайшла без моцных маразоў. Істотным фактарам стала дакладнае выкананне агратэхнікі — ад падрыхтоўкі насення і апрацоўкі глебы да ўнясення угнаенняў і правядзення пасяўных работ. У выніку сёння Беларусь упэўнена падыходзіць да фіналу сельскагаспадарчага сезона з добрымі паказчыкамі ўраджайнасці і высокім узроўнем выканання дзяржаўных задач. Ужо стартавалі ворныя работы пад ураджай наступнага года: зябліва паднята на 53 тысячах гектараў, што складае амаль 4 % ад плана ў 1 мільён 432 тысячы.
Аміна НАЗАРАВА
Фота: Лізавета ГОЛАД