Top.Mail.Ru

У Беларусі скарэкціравалі сістэму рэгулявання цэн

Асноўныя змяненні датычацца пераліку тавараў, на якія распаўсюджваецца цэнавае рэгуляванне: замест 199 пазіцый іх засталося 76. Амаль цалкам са спіса былі выключаныя нехарчовыя тавары.


На рашэнне аб скарачэнні цэнавага рэгулявання паўплывала сітуацыя з інфляцыяй у краіне — у Беларусі яна значна ніжэйшая, чым у нашых краінах-суседках. Да таго ж, падкрэсліў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Алег ДЗІКУН, апошнія некалькі гадоў яна трымаецца на рэкордным нізкім узроўні. Такі ўмераны рост цэн, які фіксуецца ў апошні час, дазволіў перайсці да паслабленняў, якія дадуць айчынным вытворцам магчымасць палепшыць сваё фінансавае становішча, праводзіць больш гнуткую цэнавую палітыку і ўмацаваць свае пазіцыі на ўнутраным рынку.

Як растлумачыў Алег Дзікун, цэнавае рэгуляванне дзейнічае ў краіне з 2022 года, і першапачатковы пералік, які налічваў больш за 300 найменняў, планамерна скарачаўся. «Можна зрабіць выснову, што пастанова № 713 сваю функцыю выканала, дазволіла забяспечыць цэнавую стабільнасць на рынку, — адзначыў намеснік міністра. — Міністэрства працягне работу па цэнавым аналізе, і ў выпадку рэзкіх скачкоў на пазіцыі, выведзеныя з-пад рэгулявання, можа быць прынятае рашэнне аб вяртанні іх у пералік». Паводле слоў Алега Дзікуна, такія маніторынгі ведамства праводзіць кожны тыдзень, прычым не толькі збіраецца статыстычная інфармацыя, але і практыкуецца выхад спецыялістаў на аб’екты.

Дарэчы, з пераліку тавараў, якія належаць рэгуляванню, выключаны яшчэ і малако, кефір і смятана ў шкляной тары, змешаныя чаі, карамель на палачцы, жавальная гумка, а таксама экзатычныя цытрусавыя плады. Акрамя таго, скарэкціраваны памер гранічных максімальных надбавак на асобныя імпартныя і айчынныя тавары — у тым ліку на малако, кефір, смятану, чорны і зялёны чай. Пры гэтым павышэнне надбавак на імпарт не акажа значнага ўплыву на рынак, паколькі аналагічная айчынная прадукцыя ўжо займае на ім упэўненыя пазіцыі.

Цяпер цэнавае рэгуляванне таксама распаўсюджана на хлебабулачныя вырабы і разборку мяса і рыбы, што вырабляюцца ў аб’ектах грамадскага харчавання гандлёвых арганізацый і рэалізуюцца праз рознічны гандаль. Для такіх тавараў уводзіцца абмежаванне нацэнкі грамадскага харчавання — не больш за 10 %. Раней, адзначыў Алег Дзікун, гэта прадукцыя не рэгулявалася. Рашэнне прынята ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян, якія звярталі ўвагу на часам значны разрыў у цэнах паміж таварамі ў фірменных магазінах мясакамбінатаў і аналагічных ім пазіцыях, вырабленых у аб’ектах грамадскага харчавання гандлёвых арганізацый.

Прадугледжаны і іншыя карэкціроўкі. У прыватнасці ўстаноўлены дакладны перыяд для самастойнага павышэння адпускных цэн вытворцамі — каляндарны год. Гэта зроблена для таго, каб выключыць магчымасць назапашвальнага росту цэн за некалькі гадоў. Таксама суб’ектам гандлю прадастаўлена права павялічваць расходы па фасоўцы на суму затрат на абавязковую сертыфікацыю расфасаванай прадукцыі.

Асноўныя змяненні ўступаюць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання пастановы, а нормы, якія датычацца цэнаўтварэння на тавары, што вырабляюцца ў аб’ектах грамадскага харчавання, — праз 10 дзён пасля іх афіцыйнай публікацыі.

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю