Top.Mail.Ru

У Беларусі стартаваў II Форум блогераў «Блог.бай. Сіла ў праўдзе»

Ісці рознымі шляхамі, але ў адным кірунку

У чацвер на базе Ваеннай акадэміі стартаваў II Форум блогераў «Блог.бай. Сіла ў праўдзе». Ён аб’яднаў каля 100 прадстаўнікоў медыйнай супольнасці краіны, якія на працягу некалькіх дзён будуць спасцігаць асновы армейскага побыту і здымаць аб гэтым якасны і праўдзівы кантэнт. Таксама форум стане ключавой пляцоўкай для абмену вопытам, навучання і нэтворкінгу блогераў розных напрамкаў. 

«І вы, і мы вельмі хочам ахапіць сваёй увагай вялікую аўдыторыю»

Адкрываючы форум, намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч прызналася, што сацсетак у яе няма, але дзяржорганы нацэленыя на супрацоўніцтва з блогерскай супольнасцю: «Удзельнікі адчуваюцца як людзі з розных планет: адны зрабілі сацсеткі сваёй працай, а ў іншых іх нават няма. Але ў нас шмат агульнага і ёсць тое, што аб’ядноўвае. Як мінімум дзве рэчы, на якіх я б хацела спыніцца. Першае — гэта блогеры і органы ўлады. І вы, і мы вельмі хочам ахапіць сваёй увагай вялікую аўдыторыю. У вас гэта часам атрымліваецца лепш і больш эфектыўна. І другое — мабыць, самае галоўнае — гэта наша краіна, дзеля якой мы ўсё гэта робім. Хтосьці ў гэтым прызнаецца, хтосьці не. Насамрэч любоў да Радзімы — гэта і ёсць патрыятызм. Таму кожны з нас імкнецца зрабіць нешта вельмі добрае для сваёй краіны». 

Наталля Пяткевіч нагадала, што форум блогераў у краіне праходзіць ужо ў другі раз, і гэта радуе. «Бо можна ісці рознымі шляхамі, але галоўнае — ісці ў адным кірунку», — акцэнтавала намеснік Прэм’ер-міністра. Яна падкрэсліла, што другі год правядзення форуму — гэта ўжо не пачатак, а пракладзены шлях, па якім мы пойдзем і далей.

Каштоўнасці, заснаваныя на любові да краіны

У сваю чаргу міністр інфармацыі Марат Маркаў адзначыў: «Чакаем ад блогераў і кантэнту, і ўзаемадзеяння». Паводле яго слоў, мінулы год паказаў, што дзяржава ў асобе Міністэрства інфармацыі можа добра ўзаемадзейнічаць з блогерскай супольнасцю. «Таму што каштоўнасці ў нас насамрэч вельмі падобныя. Каштоўнасці глабальныя, якія заснаваныя на любові да краіны, на тым, што ўсе мы хочам жыць у нармальнай, прыгожай, мірнай, выдатнай краіне», — сказаў міністр інфармацыі.

Марат Маркаў падкрэсліў: дзякуючы таму, што дзяржава і блогеры могуць знайсці агульныя падыходы, адным з якіх з’яўляецца форум «Блог.бай», ёсць магчымасць працаваць разам і захоўваць гэтыя глабальныя каштоўнасці. Кіраўнік ведамства таксама звярнуў увагу на тое, што ўдзельнікі форуму зацікаўлены, каб дзяржава прыслухоўвалася да іх меркавання: «Наша заканадаўства крыху адрозніваецца ад заканадаўства нават бліжэйшых суседзяў. Перш чым прымаць нейкія нормы, мы зацікаўлены ў тым, каб яны былі ўзважанымі. І вось у гэтым выпадку мы таксама можам знайсці агульныя падыходы. Я ўпэўнены, што, грунтуючыся на гэтых базісах, мы заўсёды будзем супрацоўнічаць», падкрэсліў Марат Маркаў. 

Паводле яго слоў, сёлета змяніўся фармат форуму: «Была адкрытая падача заявак, іх было пададзена больш за 200. Мы адабралі прыкладна палову. Пасля таго як мы пагутарылі з гэтымі людзьмі і адкрылі ім карты, распавёўшы, што прыкладна іх чакае, пэўная колькасць людзей адсеялася. Я вам адкрыю маленькую таямніцу: 8 чалавек адсеяліся за апошнія суткі, калі ўбачылі тэмпературны рэжым і зразумелі, што ім давядзецца злезці з цёплай канапы».

Пры гэтым удзельнікаў усё ж некалькі больш, чым разлічвалі арганізатары. «Я вельмі ўдзячны вам за гэта, таму што ў маім разуменні блогер — гэта не толькі той, хто „піліць кантэнт“. На мой погляд, гэта чалавек, у якога ёсць пэўны стрыжань, і ён уяўляе сабой асобу. Толькі тады ён можа нешта навязваць іншым у якасці свайго меркавання», — падзяліўся кіраўнік ведамства.

«Страшна? Трохі. Цікава? Вельмі!»

Для многіх удзельнікаў II форуму блогераў Беларусі «БлогБай. Сіла ў праўдзе!» стаў пляцоўкай для знаёмстваў і сустрэч. Блогер Аркадзь Логвін паведаміў, што з некаторымі калегамі ўжо дамовіўся на супрацоўніцтва. Як і многія блогеры, Аркадзь сёння вядзе некалькі старонак у розных сацсетках. У адным Instagram у яго больш за 60 тысяч падпісчыкаў. «Я задаю на вуліцы пытанні з „падколам“, звязаныя з адносінамі», — сказаў блогер, які апошнім часам таксама надае ўвагу невялікім ролікам і відэа, якія прасоўваюць здаровы лад жыцця.

Блогер адзначыў, што трапіць на форум ён хацеў адразу пасля заканчэння першага. «Я падпісаны на Telegram-канал Міністэрства інфармацыі і сачу за навінамі. Вырашыў паўдзельнічаць, падаў заяўку, і мне патэлефанавалі», — падзяліўся Аркадзь Логвін. Праграма форуму, паводле яго слоў, вельмі багатая на падзеі. «Для мяне як для мужчыны, які не служыў, гэта наогул вельмі крута. Заўсёды хацелася вывучыць гэтую тэматыку, і арганізатары трапілі ў сэрца», — сказаў блогер.

Блогер з нікам ПалВаныч (Павел Дзмітрыеў) прыехаў з Кобрына па новыя знаёмствы і круты кантэнт. Кажа, што лозунг «Сіла ў праўдзе!» стане арыенцірам для стварэння відэа і фота: «Я рады, што форум блогераў становіцца традыцыйным. Хоць у гэты раз ён кардынальна адрозніваецца. За гэтыя тры дні мы пройдзем экспрэс-курс маладога байца. Страшна? Трохі. Цікава? Вельмі! Удзельнікі толькі зарэгістраваліся, але ўжо адчуваецца нейкае адзінства, агульная мэта. Мы — своеасаблівы інфармацыйны батальён. Будзем расказваць пра тое, хто і як абараняе краіну, хто забяспечвае мірнае жыццё».

Яшчэ адзін удзельнік форуму — блогер і журналіст з Гродна Ягор Скяпко — падзяліўся сваімі чаканнямі. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі разам зусім няшмат, ужо можна сказаць, што форум сабраў у адным месцы крутое кам’юніці, адзначыў ён: «Хочацца абмяняцца меркаваннем і ўбачыць разнастайнасць нашай блогерскай супольнасці». Блогер падкрэсліў, што яму цікава пабываць у Ваеннай акадэміі, убачыць ваенныя аб’екты і паказаць гэта гледачам, якія маюць менш магчымасцяў убачыць падобнае ў сваім жыцці. "На маю думку, гэтая тэматыка вельмі запатрабаваная і актуальная«,— сказаў ён.

У асноўным Ягор Скяпко вядзе акаўнты ў TikTok і Instagram, дзе распавядае пра жыццё ў Гродне і людзей гэтага горада. Паралельна ён працуе на тэлеканале «Гродна Плюс». «Я шмат дзе бываю, шмат чаго бачу, шмат з кім знаёмлюся і шмат што спрабую. І аўдыторыі такі лайф-кантэнт заходзіць», — адзначыў ён.

II Форум блогераў Беларусі «Блог.бай. Сіла ў праўдзе!» прадоўжыцца да 27 верасня. Наперадзе ва ўдзельнікаў форуму — шмат новага, цікавага і незвычайнага.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Чытайце таксама: У БДТУ абмеркавалі неабходнасць мэтавага набору на факультэце прынттэхналогій і медыякамунікацый

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю