Top.Mail.Ru

У Беларусі стартаваў прыём заявак на рэспубліканскі конкурс «Дзелавыя жанчыны»

Лепшых жанчын-кіраўнікоў краіны вызначаць па выніках рэспубліканскага конкурсу «Дзелавыя жанчыны», арганізатарам якога выступіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Ініцыятыва ў першую чаргу накіравана на павышэнне статусу жанчын, якія дасягнулі значных прафесійных поспехаў і ўнеслі істотны ўклад у развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы як сваёй арганізацыі, так і краіны ў цэлым.

Так, конкурс пройдзе па трох асноўных намінацыях: «Лепшая бізнес-лэдзі», «Лепшы кіраўнік арганізацыі бюджэтнага сектара» і «Лепшы кіраўнік арганізацыі рэальнага сектара эканомікі».

Асаблівасць рэспубліканскага конкурсу ў тым, што кандыдатаў вылучаюць прадстаўнікі працоўных калектываў. Рашэнне прымаецца на сходзе, канферэнцыі ці пасяджэнні прафсаюзнага камітэта з удзелам прадстаўнікоў арганізацыі. Такі падыход робіць конкурс па-сапраўднаму народным прызнаннем прафесійных і чалавечых якасцей кіраўніка.

Пры гэтым ацэньвацца будуць не толькі дасягненні і поспехі арганізацыі, але і тое, наколькі паспяхова кіраўнікі наладжваюць сацыяльную палітыку, падтрымліваюць работнікаў і развіваюць сацыяльнае партнёрства. Таму ключавымі крытэрыямі ацэнкі сталі ўстойлівае развіццё арганізацыі, стварэнне новых рабочых месцаў, рост заработнай платы работнікаў, развіццё настаўніцтва і інш. Немалаважнае значэнне мае і развіццё сацыяльнага партнёрства: наяўнасць калектыўнага дагавора ў арганізацыі і яго напаўненне, дадатковыя гарантыі для работнікаў, узаемадзеянне з прафсаюзнай арганізацыяй.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена і грамадскай дзейнасці кандыдатаў. Вітаецца ўдзел у дабрачынных праектах, сацыяльных ініцыятывах і мерапрыемствах, накіраваных на развіццё рэгіёнаў і падтрымку людзей.

Як адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў, прафесійны поспех кіраўніка немагчыма ацэньваць выключна лічбамі. За кожным паспяховым прадпрыемствам, установай ці арганізацыяй стаяць людзі, здольныя прымаць адказныя рашэнні, весці калектыў за сабой і дабівацца высокіх вынікаў. Сучасны кіраўнік — гэта перш за ўсё лідэр, які ўмее працаваць з людзьмі і для людзей. Высокія вытворчыя паказчыкі важныя, але не менш важна стварэнне камфортных і бяспечных умоў працы. Конкурс дазваляе ўбачыць і адзначыць жанчын, якія паспяхова спалучаюць эфектыўнае ўпраўленне з сацыяльнай адказнасцю.

Прыём заявак працягнецца да 20 жніўня. ФПБ запрашае працоўныя калектывы, прафсаюзныя арганізацыі актыўна ўдзельнічаць у вылучэнні кандыдатур, чый прафесійны вопыт, дасягненні і грамадская дзейнасць заслугоўваюць прызнанні на рэспубліканскім узроўні.

Падрабязней аб удзеле ў конкурсе — на інтэрнэт-партале ФПБ.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю