Top.Mail.Ru
61

У Беларусі стартаваў спецсезон праекта «Сустрэча на ўсе 100!» да Года беларускай жанчыны

У Беларусі дадзены старт спецыяльнаму сезону рэспубліканскага праекта Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі «Сустрэча на ўсе 100!». Аб гэтым БелТА паведаміла кіраўнік навукова-метадычнага цэнтра Цэнтральнага савета БРПА Таццяна Данькова.

Ініцыятыва, аўтарамі якой выступілі члены Дзіцячай палаты Цэнтральнага савета арганізацыі, прымеркавана да Года беларускай жанчыны. «Ужо больш за пяць гадоў праект „Сустрэча на ўсе 100!“ паспяхова рэалізуецца ў нашай арганізацыі як эфектыўная пляцоўка для адкрытага, давернага дыялогу дзяцей з цікавымі людзьмі. Развіваючы гэты вопыт, Дзіцячая палата выступіла з ініцыятывай прысвяціць праект Году беларускай жанчыны. Наша задача — праз жывыя сустрэчы з зямлячкамі паказаць усю разнастайнасць лёсаў. Важна, каб кожны піянер і акцябронак убачыў: гераіня жыве побач», — расказала Таццяна Данькова.

  • Ключавы прынцып праекта — рэгіяналізацыя. Школы, піянерскія дружыны, раённыя і абласныя арганізацыі БРПА арганізуюць сустрэчы з жанчынамі, чыё жыццё і дзейнасць звязаны з канкрэтнай мясцовасцю. Сярод запрошаных гасцей — работніцы прадпрыемстваў, педагогі, урачы, ветэраны працы, шматдзетныя маці, выпускніцы школ, якія дасягнулі поспеху ў прафесіі, майстры, маладыя спецыялісты.

У фінале кожнай размовы ўдзельнікі задаюць гераіням тры абавязковыя пытанні: аб галоўнай жыццёвай каштоўнасці, аб жанчыне, якая стала прыкладам і натхненнем, а таксама аб пажаданнях піянерам і акцябратам. Атрыманыя матэрыялы будуць пакладзены ў аснову відэаэнцыклапедыі «100 асоб беларускага характару» і інтэрактыўнай карты з геаграфічнай прывязкай гісторый гераінь. Вынікі праекта плануецца падвесці ў снежні 2026 года — студзені 2027 года.

Важнай асаблівасцю спецсезона з’яўляецца актыўны ўдзел саміх дзяцей у арганізацыі сустрэч. Члены дзіцячых палат і саветаў дружын задзейнічаны на ўсіх этапах: ад выбару гераіні да фота- і відэаздымкі і падрыхтоўкі публікацый у сацыяльных сетках. «Нашы хлопцы і дзяўчаты выступаюць не проста слухачамі, а сапраўднымі сааўтарамі праекта, — адзначыла Таццяна Данькова. — Яны самі шукаюць гераінь, рыхтуюцца да дыялогу, вучацца браць інтэрв’ю, манціраваць відэа. Гэта бясцэнны вопыт сацыяльнай актыўнасці і камунікатыўнай культуры».

Чакаецца, што ў спецыяльным сезоне прымуць удзел не менш як 50 тыс. піянераў і акцябрат, па ўсёй краіне пройдзе больш за тысячу тэматычных сустрэч. Першыя сустрэчы прайшлі ўжо ў рэгіёнах. У Докшыцкай школе нумар 1 імя І.С.Палявога ганаровым госцем стала дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Януковіч, у Клецкім цэнтры дзіцячай творчасці дыялог з навучэнцамі правяла старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Марына Бабко.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю