Top.Mail.Ru
154

У Беларусі стартаваў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах

У Беларусі 12 студзеня стартаваў трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах. Аб гэтым паведамляе БелТА.


З 12 па 16 студзеня ва ўстановах адукацыі абласцей і ліцэі імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ адбудзецца трэці, абласны (Мінскі гарадскі) этап рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах. Старшакласнікі прадэманструюць свае веды і ўменні па 18 дысцыплінах: «Фізічная культура і здароўе», «Біялогія», «Працоўнае навучанне», «Беларуская мова і літаратура», «Руская мова і літаратура», «Хімія», «Фізіка», «Астраномія», «Матэматыка», «Інфарматыка», «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», «Грамадазнаўства», «Геаграфія», а таксама па замежных мовах: англійскай, кітайскай, нямецкай, іспанскай і французскай.

Непасрэдна туры пачнуцца 13 студзеня. У залежнасці ад спецыфікі прадмета яны могуць уключаць тэарэтычныя, практычныя, эксперыментальныя, тэставыя, творчыя і мультымедыйныя заданні. Ацэньваць выступленні ўдзельнікаў будуць члены журы — выкладчыкі ВНУ і педагогі школ.

Асаблівае значэнне гэтага этапу — прадастаўленне рэальных пераваг пры паступленні ў ВНУ. Пераможцы (уладальнікі дыпломаў I, II і III ступеняў) трэцяга этапу алімпіяды атрымліваюць права паступаць без уступных іспытаў у рэгіянальныя ўніверсітэты (на спецыяльнасці, для якіх гэты навучальны прадмет з’яўляецца профільным) і мінскія ВНУ на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Напрыклад, у БДПУ імя М. Танка — «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя»; у БНТУ — «Электраэнергетыка і электратэхніка», «Аўтамабілі, трактары, мабільныя і тэхналагічныя комплексы»; у БДТУ — «Лясная гаспадарка», «Тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў», «Тэхналогія шкла, керамікі і вяжучых матэрыялаў»; у БДУ — «Матэматыка», «Геаграфія», «Руская філалогія».

Пры гэтым паступленне без экзаменаў не распаўсюджваецца на такія кірункі, як «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Дзяржаўнае кіраванне і права», «Усходазнаўства», а таксама на спецыяльнасці з профільнымі іспытамі па «Творчасці» і «Фізічнай культуры і спорце».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю