Мерапрыемствы праходзяць з 12 да 17 мая і будуць прысвечаны Міжнароднаму дню сям’і, які адзначаецца 15 мая. Ужо сёння, 13 мая, адбудзецца міжнародны форум «Сям’я — аснова дэмаграфічнага патэнцыялу дзяржавы» і адзіны дзень кансультавання па пытаннях сям’і. А 15 мая пройдзе фінал конкурсу маладых сем’яў ваеннаслужачых «Сям’я — крышталь грамадства» і фотачэлендж «Сям’я — гэта...». У Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага ў Мінску 17 мая адбудзецца рэспубліканскае сямейнае свята з канцэртамі і актыўнасцямі.
Бясплатныя кансультацыі, дні адчыненых дзвярэй, фестывалі
Шэраг падзей чакаецца гэтымі днямі і ў рэгіёнах: ушаноўванне залатых і сярэбраных юбіляраў сямейнага жыцця, спартландыя «Сям’я на старце» для сем’яў з дзецьмі-інвалідамі, выставы творчых работ «Маці, бабуля і я — рукадзельная сям’я», для шматдзетных сем’яў — дні адчыненых дзвярэй у музеях. У школах пройдуць урокі аб сямейных каштоўнасцях і конкурсы сачыненняў. У ВНУ — маладзёжныя форумы аб сучаснай сям’і, а ў паліклініках — кансультацыі па рэпрадуктыўным здароўі.
Свае ініцыятывы прадставяць і грамадскія арганізацыі. Гэта праект «Тата-зала» для ўмацавання бацькоўскай ролі ў сям’і, фестываль шматдзетных сем’яў і конкурс «Уладар вёскі», рэлігійныя форумы ў падтрымку традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена падтрымцы шматдзетных сем’яўі сем’яў з дзецьмі-інвалідамі.
У межах акцыі пройдуць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі і дабрачынныя мерапрыемствы.
— Сям’я — той падмурак, на якім фарміруецца будучыня нашай краіны. Сям’я выступае ў аснове развіцця і захавання нацыі, што неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік нашай дзяржавы. Ва ўмовах сучаснага свету, дзе мы сутыкаемся з рознымі выклікамі і змяненнямі, асабліва важна захоўваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці і духоўна-маральныя арыенціры. Павага і спагада, клопат і адказнасць, салідарнасць, патрыятызм, гістарычная памяць служаць асновай для пабудовы моцнай сям’і, выхавання шчаслівых дзяцей, фарміравання здаровага ва ўсіх сэнсах грамадства, — адзначыла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія БЕРДНІКАВА, звярнуўшы ўвагу, што падтрымка сям’і з’яўляецца нацыянальным прыярытэтам.
Матэрыяльная падтрымка і вырашэнне жыллёвых пытанняў
У нашай краіне з пачатку яе незалежнай гісторыі вызначаны асноўныя кірункі дзяржаўнай сямейнай палітыкі, і яны дагэтуль не губляюць актуальнасці. Найперш гэта паляпшэнне сацыяльна-эканамічных умоў. У Беларусі забяспечана матэрыяльная падтрымка сям’і пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, дапамога ў вырашэнні жыллёвых пытанняў, у тым ліку маладым і шматдзетным сем’ям, развіваецца інфраструктура дзіцячых адукацыйных і медыцынскіх устаноў, пашыраюцца магчымасці для культурнага развіцця і сямейнага адпачынку.
Юлія Берднікава адзначыла навацыі апошніх пяці гадоў, якія былі рэалізаваны ў нашым заканадаўстве. Сярод найбольш знакавых — права на датэрміновае выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу, якое дадзена з 2020 года, што дазволіла многім шматдзетным сем’ям палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, а тым, хто не меў у гэтым патрэбы, інвеставаць у адукацыю і здароўе сям’і. Сёння ў Беларусі адкрыта амаль 146 тысяч дэпазітных рахункаў «Сямейны капітал». Пры гэтым прынята больш за 92 тысячы рашэнняў аб датэрміновым выкарыстанні гэтых сродкаў. Каля 81 % з іх накіравана на вырашэнне жыллёвых пытанняў, 11 — на медыцынскія паслугі, 8 % — на адукацыю.
Істотна пашыраны за апошнія пяць гадоў і сацыяльныя гарантыі для сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. Узмоцнена падтрымка шматдзетных сем’яў, для іх уведзена магчымасць атрымання штомесячнай адраснай сацыяльнай дапамогі, пашыраны пенсіённыя гарантыі шматдзетным сем’ям. Напрыклад, павялічаны з 9 да 12 гадоў перыяд догляду дзіцяці да трох гадоў, які ўключаецца ў агульны стаж работы пры вызначэнні права жанчыны на пенсію па ўзросце.
Карыстаюцца ўсім спектрам дзяржаўнай падтрымкі і маладыя сем’і, дзе муж і жонка з’яўляюцца навучэнцамі ці студэнтамі навучальных устаноў. Такіх сем’яў у Беларусі, па інфармацыі галоўнага спецыяліста ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алены ВАЙЦЯХОВІЧ, каля 270. Акрамя гарантаванай падтрымкі маладым сем’ям яны маюць і шэраг іншых гарантый: выдзяленне месца ў інтэрнаце, матэрыяльная падтрымка, аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне, а таксама гнуткія формы атрымання адукацыі. Дапамагаюць такім сем’ям і пры аддаванні дзяцей у дзіцячыя садкі.
Апошнім часам прыносіць свой плён работа сістэмы адукацыі над сямейным недабрабытам і раннім выяўленнем сітуацый, калі сям’я мае патрэбу ў дапамозе. Па выніках 2024 года такая работа вялася з 22 тысячамі дзяцей з 10 700 сем’яў. Пры гэтым неспрыяльныя для дзяцей умовы ў сям’і найчасцей усё ж устараняюцца. Напрыклад, летась 78 % дзяцей зняты з уліку ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў сям’і пасля аказання ім дапамогі. Штогод каля паловы дзяцей, якія прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў бацькоў, вяртаюцца на выхаванне ў свае сем’і.
Формула здароўя маці і дзіцяці
Немалаважны аспект — захаванне здароўя сям’і. Гэтаму садзейнічаюць высокакваліфікаваныя медыцынскія кадры, якія працуюць у службе аховы здароўя мацярынства і дзяцінства, сучасныя тэхналогіі і практыкі, а таксама комплексная падтрымка як маці, так і нованароджаных. Яна адыгрывае вырашальную ролю не толькі ў ахове здароўя, але і ў дэмаграфічнай устойлівасці.
Як адзначыў намеснік дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Іван КУРЛОВІЧ, медыцынскіх складнікаў павышэння нараджальнасці няшмат. Адзін з іх — правядзенне бясплатнай пробы ЭКА, якая ў апошнія гады прапаноўваецца ў нашай краіне. Толькі летась было выканана 1522 поўныя цыклы лячэння бясплоддзя, у выніку чаго наступіла 576 цяжарнасцяў. Эфектыўнасць бясплатнага ЭКА ў апошнія гады складае ад 38 да 42 %, што з’яўляецца высокім паказчыкам. Расходы рэспубліканскага бюджэту на такое лячэнне склалі больш за 5,9 мільёна рублёў. Як паведаміў Іван Курловіч, у цяперашні час Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала і накіравала ў Палату прадстаўнікоў прапановы аб выкананні другой бясплатнай пробы ЭКА.
Паказчык смяротнасці немаўлят па выніках 2024 года склаў 2,9 на 1 тысячу нованароджаных, што ставіць Беларусь у шэраг дзяржаў з найбольш нізкімі паказчыкамі і дазваляе апярэдзіць такія краіны, як Ізраіль, Польшча, Францыя, Расія, Вялікабрытанія, ЗША.