У Беларусі стартавала масавая вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу. Пра гэта журналістам паведаміла намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Святлана Нячай, паведамляе БелТА.
Намеснік міністра адзначыла, што захваральнасць рэспіраторнымі інфекцыямі пачынае расці. «Кастрычнік-лістапад — гэта самы зручны час для актыўнай вакцынапрафілактыкі грыпу і ковід-інфекцыі. На мінулым тыдні мы пазначылі старт вакцынацыі супраць грыпу — пачалі актыўна вакцынавацца прадпрыемствы, кіраўнікі якіх клапоцяцца аб стане здароўя сваіх работнікаў. Масавая вакцынацыя насельніцтва нашай краіны пачынаецца сёння. Вакцына „Грыпол-плюс“, якая будзе выкарыстоўвацца для вакцынацыі, прайшла кантроль якасці, паступіла ў арганізацыі аховы здароўя, і сёння, пачынаючы з Міністэрства аховы здароўя, мы пачынаем гэтую масавую кампанію», — расказала Святлана Нячай.
Па даных Міністэрства аховы здароўя, за мінулы год вакцынавалася каля 20 % насельніцтва краіны. «Людзі, якія клапоцяцца аб сваім здароўі, людзі з груп рызыкі, бо маюць сур’ёзныя саматычныя захворванні, цяпер актыўна ўдакладняюць, калі пачнецца вакцынацыя. Я вельмі спадзяюся, што перыяд пацяплення, які надыходзіць, таксама будзе спрыяць таму, што людзі актыўна скарыстаюцца такой магчымасцю», — падкрэсліла намеснік міністра.