Заяву для ўдзелу ў ЦТ абітурыент можа падаць альбо запоўніўшы электронную форму на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ), альбо асабіста, наведаўшы адзін з пунктаў рэгістрацыі, маючы пры сабе дакумент (копію дакумента), які сведчыць асобу (пашпарт, ідэнтыфікацыйную карту, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца), або даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які сведчыць асобу. Таксама гэта могуць зрабіць законныя прадстаўнікі непаўналетніх абітурыентаў у пункце рэгістрацыі пры прад’яўленні дакумента (копіі дакумента), які сведчыць асобу, дакумента, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка, а таксама копіі дакумента, які сведчыць асобу абітурыента. Падаць заяву для ўдзелу ў ЦТ могуць і прадстаўнікі абітурыентаў, якія дзейнічаюць на падставе даверанасці, засведчанай натарыяльна або ўпаўнаважанай службовай асобай, у пункце рэгістрацыі пры прад’яўленні дакумента (копіі дакумента), які сведчыць асобу, даверанасці, аформленай у парадку, устаноўленым грамадзянскім заканадаўствам, а таксама копіі дакумента, які сведчыць асобу абітурыента. Адрасы, тэлефоны, графік працы пунктаў рэгістрацыі можна знайсці на сайце РІКВ.
Кошт удзелу ў ЦТ па адным вучэбным прадмеце складае 4,5 рубля. Аплаціць можна ў АРІП. Пасля аплаты абітурыент не пазней за 22 красавіка, маючы пры сабе дакумент, які сведчыць асобу, павінен асабіста забраць пропуск на кожны прадмет. Пры гэтым забіраць пропуск трэба ў тым пункце рэгістрацыі, у якім малады чалавек падаваў заяву для ўдзелу ў ЦТ пры асабістай яўцы, або ў адным з пунктаў рэгістрацыі, якія ажыццяўляюць работу на базе пунктаў тэсціравання, дзе абітурыент плануе праходзіць ЦТ, у выпадку падачы заявы з дапамогай сістэмы папярэдняй рэгістрацыі. Важна памятаць, што працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца завершаным толькі пасля атрымання абітурыентам пропускаў. Пры гэтым на кожным дакуменце павінна быць пячатка пункта рэгістрацыі, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка гэтага пункта і рэгістрацыйны нумар.