Top.Mail.Ru

У Беларусі стартуе рэспубліканская прафілактычная акцыя «За бяспеку разам»

Падчас яе супрацоўнікі МНС разам з прадстаўнікамі іншых суб’ектаў прафілактыкі наведваюць жылыя домаўладанні грамадзян, у тым ліку тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. Такія грамадзяне адносяцца да катэгорыі павышанай рызыкі, таму іх жыллё правяраецца ў першую чаргу.


Кампанія накіравана на папярэджанне пажараў і павышэнне ўзроўню бяспекі ў жылым сектары. Акрамя адрасных наведванняў, у кожнага жыхара краіны ёсць магчымасць праявіць ініцыятыву: у перыяд акцыі любы грамадзянін Беларусі можа добраахвотна звярнуцца ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях з просьбай абследаваць сваё жыллё. Спецыялісты прыбудуць на месца, правяраць, ці адпавядае домаўладанне патрабаванням пажарнай бяспекі, і дадуць практычныя рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых недахопаў. 

«Гэта работа праводзіцца на працягу ўсяго года, аднак у перыяд акцыі мы яе павялічваем. Наша асноўная мэта — навучанне насельніцтва правілам бяспекі жыццядзейнасці ва ўсіх сферах, мінімізацыя рызыкі ўзнікнення надзвычайных сітуацый і гібелі людзей, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый ТУРЧЫН. — З надыходам асенне-зімовага перыяду грамадзяне больш часу праводзяць дома, больш актыўна выкарыстоўваюць пячное ацяпленне і электраабагравальныя прыборы. На перыяд з верасня па сакавік прыпадае каля 67 працэнтаў усіх пажараў у краіне за год. Таму ратавальнікі сумесна з усімі суб’ектамі прафілактыкі аб’ядноўваюць намаганні».

Па словах спецыяліста, з пачатку года ў Беларусі ўжо адбылося каля 5 тысяч пажараў, у якіх загінула каля 400 чалавек, у тым ліку і дзеці.

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю