У Беларусі сёння стартуюць цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) і цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ) у адзіныя тэрміны, паведаміла БелТА.
Сёння адбудзецца ЦЭ па прадмеце на выбар для 11-класнікаў і ЦТ па прадмеце на выбар для выпускнікоў мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў.
ЦЭ сёлета здадуць больш за 59 тыс. чалавек, яны напішуць амаль 118,2 тыс. тэстаў. Выпрабаванні ў 144 пунктах стартуюць адначасова па ўсёй краіне ў 11:00.
«Найбольш запатрабаванымі прадметамі сталі руская мова — яе выбралі больш за 48,6 тыс. выпускнікоў, матэматыка — больш за 19,4 тыс. навучэнцаў, і беларуская мова — тэст па ёй напішуць больш за 10,4 тыс. чалавек. Таксама ў топе грамадазнаўства — больш за 12,6 тыс. зарэгістраваных і біялогія — амаль 11,9 тыс. тых, хто здае», — расказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый Міранаў.
У Мінску на цэнтралізаваны экзамен зарэгістравана больш за 14,1 тыс. навучэнцаў. У сталіцы будзе працаваць 12 пунктаў ЦЭ і ЦТ.

Удзельнік ЦЭ павінен прыбыць у пункт правядзення, маючы пры сабе пропуск, дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, ID-карта (пластыкавая смарт-карта), від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца, даведка, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які сведчыць асобу), ручку (гелевую або капілярную) з чарніламі чорнага колеру, калькулятар (толькі на ЦЭ па хіміі і фізіцы). Удзельнікі ЦЭ, раней не зарэгістраваныя або тыя, хто не мае пры сабе дакумента, які сведчыць асобу, да праходжання ЦЭ не дапускаюцца. Таксама не дапускаецца да выпрабаванняў удзельнік ЦЭ, які прыбыў пасля раскрыцця пакета з экзаменацыйнымі работамі.
Забаронена на выпрабаваннях фальсіфікаваць даныя ў полі рэгістрацыі бланка адказаў, мяняцца месцамі, экзаменацыйнымі матэрыяламі, выкарыстоўваць дапамогу іншых для выканання экзаменацыйнай работы, уносіць інфармацыю ў бланк адказаў пасля заканчэння часу, адведзенага на выкананне экзаменацыйнай работы, мець пры сабе сродкі сувязі (за выключэннем абітурыентаў, якія выкарыстоўваюць прылады мабільнай сувязі з праграмным забеспячэннем для кантролю стану здароўя), электронна-вылічальную тэхніку, фота-, аўдыя- і відэаапаратуру, даведачныя матэрыялы на любым носьбіце, пісьмовыя нататкі і іншыя прылады прыёму, захоўвання і перадачы інфармацыі, запісы са зместам тэставых заданняў на любым носьбіце. Нельга таксама выносіць з аўдыторый і пункта правядзення цэнтралізаванага тэставання экзаменацыйныя матэрыялы, аркушы для рабочых запісаў, пісьмовыя нататкі, запісы са зместам тэставых заданняў на любым носьбіце, фатаграфаваць экзаменацыйныя матэрыялы, размаўляць, абменьвацца любымі матэрыяламі і прадметамі з іншымі ўдзельнікамі ЦЭ, адвольна выходзіць з аўдыторыі і перамяшчацца па пункце правядзення ЦЭ без суправаджэння педагагічнага работніка па-за аўдыторыяй. Парушальнік выдаляецца з аўдыторыі. Ён зможа прайсці ЦЭ па гэтым навучальным прадмеце ў іншы тэрмін у жніўні бягучага года.
Удзельнік ЦЭ, які не з’явіўся на выпрабаванне або вызвалены падчас яго правядзення з паважных прычын, праходзіць яго ў рэзервовыя дні і (або) іншыя тэрміны.
Абітурыенты, якія з паважных прычын (праз хваробу або іншыя абставіны, якія не залежаць ад іх і пацверджаны дакументальна) не змаглі прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне ў асноўныя дні (згодна з графікам правядзення ЦТ), праходзяць яго ў рэзервовыя дні па тых навучальных прадметах, на якія былі зарэгістраваны для праходжання ц
энтралізаванага тэсціравання ў асноўныя дні. Для гэтага яны павінны зарэгістравацца з 8 па 11 чэрвеня. Важна памятаць, што рэгістрацыя для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні ажыццяўляецца самастойна ў пунктах рэгістрацыі, зрабіць гэта ў электронным выглядзе нельга.
Інфармацыю пра вынікі ЦЭ можна будзе атрымаць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.