У Беларусі ствараюць адзіную платформу для лічбавізацыі сельскай гаспадаркі. На якім этапе работа, расказалі БелТА прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве.
Генеральны дырэктар РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве» Сяргей Краўцоў адзначыў, што прайшоў абарону праект, які распрацавалі НПЦ НАН па земляробстве, Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН, НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. «Мы поўнасцю будзем яго алічбоўваць, даследаваць і прапаноўваць рашэнні для ўсёй рэспублікі на базе нашай гаспадаркі ў Шыпянах. На сённяшні дзень ствараецца адзіная платформа, у якую будзе закладзена база даных», — адзначыў ён.
Элементы лічбавізацыі ёсць усюды — па лініі Белгідрамета, Белдзіпразема, БелПСГАГВ і інш. У рамках маніторынгаў даследуюцца агракліматычныя асаблівасці, колькасць макра- і мікраэлементаў у глебе і многае іншае, а потым уся гэта інфармацыя паступае ў розныя інфармацыйныя сістэмы. «Каб потым, з улікам аналізу глебы, наш цэнтр даваў разлік патрэбнасці ва ўгнаеннях для атрымання запланаванага ўраджаю, усе гэтыя даныя будуць сабраны ў адной платформе. У далейшым кожнаму прадпрыемству будуць бясплатна прадастаўлены магчымасці ўваходу на гэту платформу», — расказаў гендырэктар.
Начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Мікалай Лешык дадаў, што цяпер ідзе стварэнне агульнай электроннай сістэмы гэтай платформы. «Паралельна ідзе навучанне штучнага інтэлекту ў частцы распазнавання стану культур. Гэта прагназаванне, у першую чаргу развіцця хвароб, прагназаванне стану расліны, чаго ёй не хапае. Трэба навучыць штучны інтэлект, каб ён, зыходзячы з вызначанага аналізу, разумеў, што ў расліны „баліць“. Другі момант — трэба аснасціць сельскую гаспадарку тэхнікай, якая гатова ў аўтаматычным рэжыме здымаць паказчыкі і перадаваць даныя штучнаму інтэлекту для апрацоўкі. І ўсё гэта аб’яднаць з сістэмай уліку, з сістэмай бухгалтэрыі. А гэта, як бы ні было банальна, вельмі затратна. Гэта і праграмнае забеспячэнне, камп’ютарная тэхніка, сістэмы распазнавання», — расказаў ён.
Вынік дакладнага земляробства — гэта атрыманне канкрэтна зададзенага ўраджаю з канкрэтнага ўчастка, падкрэсліў ён. «У нас ёсць агульныя рэгламенты, якія адносяцца да груп культур або нават да асобнай культуры, але не да асобных сартоў. Тут селекцыянер павінен быць гатовы пад кожны свой сорт даць канкрэтныя, дакладныя ўмовы, каб штучны інтэлект спрагназаваў мадэль: што трэба ўкласці, як трэба зрабіць пад канкрэтны сорт», — звярнуў увагу ён.