Выбіраць паміж сям’ёй і кар’ерай нашым людзям не даводзіцца — на шчасце, у краіне існуюць усе магчымасці для таго, каб гадаваць дзяцей і разам з тым развівацца прафесійна, будаваць кар’еру. Асабліва гэта датычыцца жанчын: дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы можна не адкладваць рашэнне стаць мамай.
Дзеці кар’еры не перашкода
Амаль 5 мільёнаў чалавек, або 54 % насельніцтва, у Беларусі — гэта жанчыны. Яны складаюць каля 51 % ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы. Прадстаўніцы прыгожага полу паспяхова рэалізуюць сябе ва ўсіх сферах, у тым ліку займаюцца кіраваннем, развіццём уласнага бізнесу, актыўныя ў рэальным сектары эканомікі. Таму нядзіўна, што ўзровень занятасці жанчын у самым рэпрадуктыўным узросце — ад 25 да 49 гадоў — складае 94,5 %, адзначыла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія БЕРДНІКАВА: «43,5 % занятых жанчын выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Сярод жанчын-кіраўнікоў такіх 44,2 %. Гэта вялікая група людзей, якія штодня адначасова вырашаюць і прафесійныя, і сямейныя задачы».
Цікава і тое, што за апошняе дзесяцігоддзе, паводле слоў Юліі Берднікавай, разрыў у часе, які жанчыны і мужчыны трацяць на хатнія справы і догляд за дзецьмі, скараціўся з 2 разоў да 1,1 раза. «Бацькі ўсё больш актыўна ўключаюцца ў вырашэнне сямейных пытанняў і выхаванне дзяцей, — адзначыла яна. — Развіваецца інстытут уцягнутага бацькоўства і праз працоўнае заканадаўства: яшчэ ў 2020 годзе быў ўстаноўлены бацькоўскі водпуск пры нараджэнні дзіцяці да 14 каляндарных дзён». Сёння ім карыстаецца амаль кожны дзясяты малады бацька ў Беларусі.
Усебаковая падтрымка
Што, калі не сям’я дае чалавеку апору, матывацыю, сэнс жыцця. А значыць, упэўнена намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце факультэта грамадзянскай авіяцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, пераможца конкурсу «Краса Беларусі — 2026» Ганна МАЦКЕВІЧ, менавіта сям’я робіць яго наймацнейшым. Галоўнае — знайсці баланс паміж прафесійным і сямейным: «У авіяцыі ёсць такое паняцце — „баланс паветранага судна“. Калі груз размешчаны няправільна, то самалёт не можа ляцець бяспечна, — расказала Ганна Мацкевіч. — З жыццём гэтаксама: калі адзін бок пераважвае, чалавек страчвае ўстойлівасць. І наша агульная задача — дапамагчы людзям знайсці гэты баланс».
З гэтай мэтай у нашай краіне створаны развіты механізм дзяржаўнай падтрымкі бацькоў, якія працуюць. Напрыклад, жанчыне не могуць адмовіць у працаўладкаванні або знізіць зарплату з-за цяжарнасці ці калі яна выхоўвае дзіця да 3 гадоў. Тое ж самае датычыцца адзінокіх бацькоў з дзецьмі да 14 і дзецьмі-інвалідамі да 18 гадоў. А падчас адпачынку па цяжарнасці, родах і доглядзе за дзіцем да 3 гадоў за чалавекам захоўваецца яго працоўнае месца. Дарэчы, 86 % жанчын выкарыстоўваюць такі адпачынак цалкам — усе 36 месяцаў. Нельга таксама звольніць цяжарную жанчыну або адзінокага бацьку з дзіцем да 3 гадоў па ініцыятыве наймальніка.
Увогуле дзяржава падтрымлівае сем’і ва ўсіх працоўных момантах: пачынаючы ад матэрыяльных дапамог і заканчваючы дадатковымі выхаднымі і дзяржаўнымі гарантыямі, гнуткімі формамі занятасці.
«Дадатковыя меры падтрымкі, вядома, датычацца і нашых шматдзетных сем’яў, — падкрэсліла Юлія Берднікава. — Сёння ў краіне налічваецца каля 170 тысяч шматдзетных сем’яў, і самая важкая фінансавая падтрымка для іх — гэта праграма сямейнага капіталу. Пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга дзіцяці дзяржавай выплачваецца 35,5 тысячы рублёў — сума размяшчаецца на банкаўскім дэпазіце. За ўвесь час работы праграмы — а гэта больш за 10 гадоў — у Беларусі было адкрыта больш за 155 тысяч такіх укладаў агульнай сумай 3,6 мільярда рублёў».
Кампаніі, дружалюбныя бацькам
Усебаковая падтрымка сем’яў, асабліва з дзецьмі, — гэта задача не толькі дзяржавы, але і работадаўцаў. І такіх сацыяльна адказных кампаній, паводле слоў намесніка старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Таццяны ФІЛІМОНАВАЙ, з кожным днём насамрэч становіцца ўсё больш. Напрыклад, пытаннем у рамках ініцыятывы «Кампаніі, дружалюбныя бацькам», арганізаванай Мінпрацы і падтрыманай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і Канфедэрацыяй прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў), актыўна займаюцца ўжо каля 900 айчынных арганізацый.
Як падкрэсліла Юлія Берднікава: «Трэба зрабіць усё магчымае, каб гарманічнае спалучэнне шчаслівай сям’і і працы стала сапраўды прэстыжным, модным трэндам для жанчын і мужчын. У гэтым моцная, стабільная і квітнеючая будучыня кожнага чалавека. І, безумоўна, росквіт нашай роднай Беларусі».
Аміна НАЗАРАВА